Памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы за год не пусцілі больш за 67 тысяч мігрантаў
За час міграцыйнага крызісу памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы не пусцілі больш за 67 тысяч мігрантаў. Пра гэта паведамляе пагранслужба Літвы.
Памежнікі гэтай краіны з 3 жніўня 2021 года, калі яны атрымалі права выдвараць мігрантаў, якія парушаюць мяжу, не пусцілі з Беларусі 15 082 чалавекі. З іх 8106 мігрантаў былі выдвараны ў мінулым годзе, а 6976 – у гэтым.
Паводле інфармацыі літоўскага боку, польскія службы не пусцілі 44 579 чалавек, а латвійскія 7257.
Літоўская пагранслужба зазначае, што менавіта Літва апошнім часам з’яўляецца асноўным напрамкам для мігрантаў. Польшча і Латвія сутыкаюцца са значна меншай колькасцю парушальнікаў. З другой паловы жніўня ў сярэднім кожны тыдзень літоўскую мяжу спрабуюць парушыць больш за 600 чалавек.
«Такая актывізацыя нелегальнай міграцыі ў Літву наўпрост звязаная з актыўнымі дзеяннямі беларускіх чыноўнікаў. Яны не толькі падвозяць замежнікаў да мяжы і накіроўваюць іх на тэрыторыю суседняй краіны, але і дапамагаюць мігрантам разбурыць драцяную загароду і агароджу, пабудаваную на літоўскім баку. Для гэтага беларускія памежнікі ў апошні час нават абзавяліся новай «зброяй» – нажніцамі для рэзкі металу», – гаворыцца ў паведамленні літоўскіх памежнікаў.
Акрамя таго, паводле іх інфармацыі, мігрантам паказваюць месцы, дзе з-за асаблівасцяў ландшафту не ўстаноўлены загароды.