У Беларусі зноў абнавілі базу «дармаедаў»



У Беларусі ў верасні абнавілі базу незанятых у эканоміцы. У яе патрапілі тыя, хто не змог пацвердзіць занятасць за другі квартал. «Дармаедам», у якіх ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць выстаўляць поўныя тарыфы за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду, піша zerkalo.io.

«Дармаедскую» базу абнаўляюць раз на квартал. Каб не патрапіць з верасня ў абноўленую базу, трэба было да 21 ліпеня паспець падаць камісіі па каардынацыі працы ў садзейнічанні занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць.

З верасня ў „дармаеды” ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць сваю занятасць за другі квартал (красавік-чэрвень). Наступны раз базу абновяць да 1 снежня, у яе патрапяць тыя, хто не зможа пацвердзіць занятасць за трэці квартал (ліпень-верасень). Дакументы трэба падаць да 21 кастрычніка.

З тых, хто апынуўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць аплату за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць рахункі за апошнія дзве паслугі, для „дармаедаў” яны вырастуць прыкладна ў 5 разоў.

Калі ў кватэры пражывае сям’я з некалькіх чалавек і аднаго з іх прызнаюць «дармаедам», то спажытыя ЖКП дзеляцца на колькасць зарэгістраваных у жыллі: прызнаны ўтрыманцам аплачвае сваю частку поўнымі тарыфамі (пры ўмове, што ён – уласнік жылля), а астатнія, хто не лічыцца ў базе, – льготнымі.

Улады ў сакавіку гэтага года ўвялі істотныя змены ў «дармаедскім» дэкрэце. Адная з асноўных навін – тыя, хто працуе або вучыцца за мяжой, не могуць зараз падаваць дакументы пра гэта і, адпаведна, вызваляцца ад аплаты за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду эканамічна абгрунтаванымі тарыфамі. З сакавіка праца ці вучоба за мяжой не разглядаецца як падстава, каб не плаціць «дармаедскую» жыроўку.