„Белпошта” ўвяла камісію за буйныя міжнародныя пераказы
Калі сума атрыманага з-за мяжы пераказу перавышае 4 тысячы рублёў у месяц, камісія будзе складаць 15% ад памеру пераказу, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал арганізацыі.
Плату ў памеры 15% будуць спаганяць за выдачу і пералік наяўных грошай пры выплаце ўваходных міжнародных паштовых грашовых пераказаў у аддзяленнях пошты і дома, а таксама за дасылку па пісьмовым распараджэнні атрымальніка міжнародных пераказаў на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак.
Плату будуць спаганяць толькі з той часткі міжнароднага пераказу, якая перавышае 4 тысячы рублёў. Гэта значыць, калі вы ў месяц атрымалі 4700 рублёў, то плату возьмуць толькі з 700 рублёў. Аднак нават у гэтым выпадку памер узнагароды за паслугі пошты даволі адчувальны.