Хакеісты мінскага „Дынама” перамаглі „Северсталь”
Хакеісты мінскага „Дынама” ў хатнім матчы ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ выйгралі ў чарапавецкай „Северсталі” — 3:2. Шайбы ў „зуброў” забілі Павел Варфаламееў, Уладзімір Алістраў і Віталь Пінчук.

Дзякуючы гэтай перамозе менскі клуб займае трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі, маючы 11 ачкоў. Першае месца займае піцерскі СКА, у якога 16 балаў. Далей падначаленых Вудкрафта чакае хатні паядынак супраць дзеючых чэмпіёнаў КХЛ з маскоўскага ЦСКА. Сустрэча „зуброў” і „армейцаў” адбудзецца ў чацвер.
Дзмітрый Кузьмін запрошаны ў трэнінг-кэмп „Вініпега”
Прэс-служба „Вініпега” аб’явіла ростар і расклад трэніровачнага збору каманды. Трэнінг-кэмп „рэактыўных” адкрыецца заўтра і працягнецца да 7 кастрычніка. Беларускі абаронца Дзмітрый Кузьмін — у ліку 50 запрошаных гульцоў, сярод якіх 28 нападнікаў, 16 абаронцаў і 6 брамнікаў, паведамляе афіцыйны сайт клуба. На пачатковай стадыі збору ўсе хакеісты разбіты на дзве каманды. Кузьмін трапіў у каманду Сціна. Першы выставачны матч „Вініпег” правядзе 25 верасня — у гасцях у „Эдмантана”.
Валейбалісты зборнай Беларусі саступілі расейцам у таварыскім матчы
Валейбалісты зборнай Беларусі пацярпелі паразу ў першым таварыскім матчы з камандай Расіі. На пляцоўцы маскоўскага спарткомплексу „Дынама” беларусы прайгралі 0:3. Сёння каманды правядуць другі кантрольны паядынак. На мінулым тыдні жаночыя зборныя Беларусі і Расіі двойчы згулялі ў Маскве і абодва разы гаспадыні выйгралі з сухім лікам 3:0.
Дзяніс Грэчка прызнаны лепшым гульцом 22-га тура чэмпіянату Беларусі
Паўабаронца мінскага „Дынама” Дзяніс Грэчка прызнаны лепшым гульцом 22-га тура чэмпіянату Беларусі. У пятніцу хаўбек забіў два галы і аддаў адну выніковую перадачу ў паядынку супраць „Гомеля”, які яго каманда выйграла 3:0.
Зборныя Беларусі і Украіны будуць разведзены пры лёсаванні кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024
Таксама не трапяць у адну групу зборныя Арменіі і Азербайджана, каманды Гібралтара і Іспаніі, зборныя Косава і Босніі і Герцагавіны, а таксама касавары і сербы. Лёсаванне кваліфікацыі EURO-2024 пройдзе 9 кастрычніка ў Франкфурце. У лёсаванні прымуць удзел зборныя 53 з 55 асацыяцый. З лёсавання выключылі Германію, якая гарантавала сабе месца ў фінальнай стадыі турніру як краіна-гаспадыня, і Расія, якую УЕФА адхіліў ад усіх спаборніцтваў да спецыяльнага паведамлення ў адказ на вайну.
Беларускае Радыё Рацыя
