Экс-баец Палка Каліноўскага: Стала крыўдна за Беларусь і я паехаў выбачацца
Ірпень, Буча, Мікалаеў… „Госць Рацыі” экс-баец Палка Каліноўскага, які прайшоў гэтыя гарачыя кропкі. Каля месяца таму ён звольніўся і пераехаў у Польшчу. Але цяпер зноў плануе вяртацца ва Украіну і працягваць барацьбу.
З беларускім змагаром, імя якога па зразумелых прычынах мы не раскрываем, паразмаўляла наша карэспандэнтка.
РР: Ты прайшоў гарачыя кропкі. Што для цябе было самым складаным?
– Самым складаным для мяне было ў месцах баявых дзеянняў у першыя дні, бо я не ўсведамляў, што я, дзе я і ўвогуле навошта я прыехаў. Такія думкі былі, але пасля ўсё стала добра, я ўсвядоміў, што я павінен рабіць.
РР: Наколькі было складана ўліцца?
– Не тое, каб там шмат ад мяне залежала, там неяк само сабой усё прыйшло.
РР: За што балела больш за ўсё, калі вы знаходзілі ў Ірпені?
– За мірных жыхароў. Вельмі шмат мірных жыхароў, якія пацярпелі ні за што.
РР: Ты быў гатовы гэта пабачыць?
– Ніхто не гатовы такое пабачыць, але ўсё здаецца нармальна са мной.
РР: Папярэдняя маральная падрыхтоўка была?
– Увогуле не было ніякай маральнай падрыхтоўкі.
РР: Буча.
– У Бучы мы балі, калі ўжо ўсе адтуль выйшлі. Так, бачылі тое, што там адбывалася. Бачылі трупы мірных жыхароў паўсюль уздоўж дарог. Бачылі, як сабакі даядалі расейскіх жаўнераў і не толькі. Страшна, што паробіш – гэта вайна.
РР: Мікалаеў.
– У Мікалаеве нічога такога асабліва не было. Проста пазіцыйная вайна – акопы, штурм, адступалі некалькі разоў. Памятаю як майго пабраціма параніла.
РР: Ці можна быць падрыхтаваным да смерці?
– Гэта ўсё залежыць ад чалавека. Я быў гатовы, не адразу канешне. Пасля паступова я зразумеў, што гэта такое, я зразумеў, што ў кожны момант можна загінуць. Быў гатовы, што паробіш.
РР: Як да гэтага можна падрыхтавацца?
– Проста перамагчы страх. Немагчыма поўнасцю пазбавіцца ад страху, яго можна кантраляваць. У нас заўсёды была такая штука, мы бралі з сабой гранаты, каб не трапіць у палон, гэта абавязкова ў нас было. А так, я нават не магу сказаць, гэта ў кожнага ў сваёй галаве.
РР: Ці можна падчас вайны нармальна спаць, нармальна адпачываць?
– Канешне, да гэтага прызвычайваешся. Я ўвогуле спаў пад абстрэламі заўсёды. Як толькі пачынаецца абстрэл, я кажу: „Усё хлопцы, адбой. Да нас ніхто не прыйдзе”. Так і спалі.
РР: Чаму ты вырашыў пайсці ў полк?
– Калі з тваёй краіны лятуць ракеты па братняй краіне, у мяне вельмі шмат сяброў украінцаў, я і паехаў дапамагаць. Стала крыўдна за Беларусь і я паехаў выбачацца.
РР: Якія папярэднія курсы, заняткі адбываліся?
– У мяне ўвогуле ніякіх. Усё вывучаў у палку.
РР: Шмат часу на гэта пайшло?
– Даволі шмат. У нас першыя два тыдні ўвесь час праводзілася падрыхтоўка. Падрыхтоўка, падрыхтоўка, падрыхтоўка.
РР: Якога характару была падрыхтоўка?
– Медыцына, тактычныя дзеянні, стральба. Я ў першы дзень прыехаў, нават форму атрымаць не паспеў, паехаў на стрэльбы. І так кожны дзень.
„Толькі разам мы зможам спыніць агрэсію і перамагчы дыктатуру”, – перакананы былы і будучы баец Палка Каліноўскага.
Беларускае Радыё Рацыя