Агляд прэсы: крот альянсу
Беларусь хоча быць пасярэднікам паміж РФ і Украінай ды патрабуе ўліку яе патрабаванняў. Ці пускаць у Еўропу беглых ад прызыву ў Расеі? Турцыя падумвае аб уступленні ў ШАС. Выбары ў Італіі: намячаецца перамога блока правых партый. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей падчас выступу ў ААН заявіў, што яго краіна хоча быць пасярэднікам у перамовах паміж Украінай і Расеяй. Міністр краіны, з тэрыторыі якой бамбілі Украіну, лічыць, што яго краіна не ўдзельнічае ў ваеннай агрэсіі, а вымушаная цярпець з-за санкцый Захаду», – піша ўкраінская газета Odessa Journal.
«Беларускі міністр наўпрост агучыў наратывы расейскай прапаганды, заявіўшы, што «нельга гарантаваць бяспеку адной дзяржавы, грэбуючы інтарэсамі іншай». У той жа час кіраўнік МЗС Беларусі раскрытыкаваў санкцыі Захаду, заявіўшы, што яго краіна не з’яўляецца бокам канфлікту і забыўшыся, з чыёй тэрыторыі рэгулярна запускаюцца ракеты па Украіне. Ён таксама паспрачаўся, што ўкраінцы лічаць Беларусь сваім ворагам, хоць дзяржавы вялі эканамічную дзейнасць да 2021 года. Уладзімір Макей заявіў, што «украінцы перажываюць трагедыю з-за вайны». Ён таксама абвінаваціў Захад у пастаўках ва Ўкраіну зброі для падстаўных «неанацыстаў». Беларускі міністр паведаміў, што яго краіна прытуліла 200 тысяч украінскіх уцекачоў, якія нібыта прыбылі туды нават з краінаў Еўразвязу.
На заканчэнні Макей заявіў, што Беларусь можа стаць пасярэднікам паміж РФ і Украінай і арганізаваць мірныя перамовы на сваёй тэрыторыі. Беларускі міністр таксама патрабуе, каб падчас гэтых перамоваў «улічваліся і інтарэсы Беларусі», – паведамляе ўкраінскае выданне.
На фоне аб’яўленай Пуціным частковай мабілізацыі і росту патоку ваеннаабавязаных у Еўропе, якія бягуць з краіны, разгарэлася дыскусія пра тое, ці не варта ўвесці спрошчаны прыём для тых, хто адмаўляецца ад удзелу ў вайне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў расейцаў супраціўляцца закліку ці збегчы. Аглядальнікі разважаюць пра тое, як у гэтай сітуацыі павінны павесці сябе іншыя краіны. “Прымаючы бежанцаў, можна было б рэальна нашкодзіць агрэсару”, – звяртае ўвагу брытанская газета The Spectator.
«Калі Захад і насамрэч мае намер прычыніць шкоду пуцінскаму рэжыму, то ён павінен сустракаць расейскіх бежанцаў з распасцёртымі абдымкамі. Пуцін хоча ўтрымаць самых яркіх, багатых і лепшых грамадзян, таму многія адкрытыя свету расеяне асцерагаюцца, што ён закрые межы. Адгароджваючыся, Еўропа толькі гуляе на руку Пуціну. Борыс Джонсан меў рацыю, калі ў сакавіку заклікаў пакараць расейскага прэзідэнта, але падтрымаць расейцаў. Лепшы спосаб зрабіць і тое, і другое: дапамагчы людзям пакінуць краіну, паралізаваную вайной, якую да таго ж рэжым прайграе», – лічыць брытанскае выданне.
Паводле заявы прэзідэнта Эрдагана, Турцыя плануе ўступіць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, у якую сярод іншых уваходзяць такія краіны, як Кітай, Расея і Індыя. Па слядах саміту ШАС у Самаркандзе Эрдаган заявіў, што ў наступным годзе Анкара мае намер абмеркаваць з кіраўніцтвам арганізацыі магчымасць уступлення Турцыі. У выпадку далучэння Турцыі да гэтага азіяцкага альянсу, яна стала б першай дзяржавай NATO ў яго шэрагах.
«Эрдаган вырашаецца на гэтыя рухі цела ў надзеі займець перавагі як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы», – канстатуе нямецкая газета Der Tagesspiegel.
«Малаверагодна, што Турцыя адмовіцца ад перспектывы дапамогі з боку заходняга альянсу НАТО і цалкам даверыцца Расеі. Хутчэй, гэтым фліртам з ШАС Эрдаган мае намер зрабіць уражанне на свой электарат, умацаваць адносіны з Пуціным і нарасціць свой патэнцыял пагрозы для Захаду: маўляў, глядзіце, мы можам і па-іншаму! Прадбачацца новыя трэнні паміж Анкарой, з аднаго боку, і ЗША з Еўропай – з другога. Тым не менш, у агляднай будучыні ШАС наўрад ці стане ў вачах Турцыі рэальнай альтэрнатывай Захаду», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Да парламенцкіх выбараў у Італіі засталіся лічаныя дні. Як паказваюць дадзеныя апытанняў, у гонцы лідзіруе постфашысцкая партыя «Браты Італіі» на чале з Джорджыяй Мэлані. На другім месцы – праўда, з сур’ёзным адрывам – Дэмакратычная партыя Італіі. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, які курс абярэ краіна. «Перамога ўльтраправых у Італіі адгукнулася б рэхам па ўсёй Еўропе», – такія асцярогі выказвае шведская газета Sydsvenskan.
«Мэлані ўжо абвясціла пра свае планы па змене заканадаўства ў стылі орбанаўскай Венгрыі. І гэта можа стаць рэальнасцю, калі тром правым партыям атрымаецца займець большасць у дзве траціны галасоў у ніжняй палаце парламента, а таксама ў Сенаце. Так яны прапануюць замацаваць вяршэнства італьянскага заканадаўства над законамі Еўрапейскага звязу, а акрамя таго, плануюць узмацніць пазіцыі выканаўчай улады, увёўшы прамое галасаванне за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, якому быў бы падпарадкаваны ўрад, і які меў бы права роспуску парламента. Зусім нядаўна Мэлані ўстала на бок Орбана ў чарговых спрэчках з Еўракамісіяй. Тандэм гэтай парачкі можа стаць прычынай неабыякой турбулентнасці падчас будучых самітаў ЕЗ. Усё гэта прывяло б да змен у ЕЗ, якія носяць сапраўды гістарычны характар», – прагназуе шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя