Моўная дыскрымінацыя ў Беларусі. Аналітычныя агляды



26 верасня Еўрапейскі Звяз адзначае як Дзень моваў дзеля іх захавання і развіцця, бо магчымасць размаўляць на сваёй мове і выкарыстоўваць яе для выражэння сваёй ідэнтычнасці з’яўляецца базавым правам чалавека. 

З гэтай нагоды прадстаўляем два аналітычныя матэрыялы, прысвечаныя становішчу беларускай мовы ў краіне.

Агляд Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі – падрыхтаваны Беларускім ПЭНам. У ім аналізуецца, як развівалася сітуацыя з заканадаўчым рэгуляваннем правоў носьбітаў беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі, разглядаюцца штодзённыя праявы моўнай дыскрымінацыі ў краіне, узгадваюцца выпадкі рэпрэсій і гвалт супраць носьбітаў беларускай мовы.

У аглядзе падкрэсліваецца, што беларуская мова практычна заўсёды зазнавала паслядоўны прыгнёт на дзяржаўным роўні. Спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай мовы дзяржава стварала хіба што ў другой палове 1920-х і на пачатку 1990-х гадоў. У сённяшняй Беларусі беларуская – адна з дзвюх дзяржаўных моў і мова тытульнай нацыі, аднак носьбіты беларускай рэгулярна зазнаюць дыскрымінацыю, а часам і небяспеку. Тым не менш, ва ўмовах маштабнага грамадска-палітычнага крызісу апошніх гадоў многія грамадзяне Беларусі актыўна пераасэнсоўваюць уласную ідэнтычнасць, шукаюць і адстойваюць шляхі сцвярджэння сваёй беларускай прыналежнасці.

Агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за перыяд з 1 ліпеня па 1 верасня 2022 года — гэта абноўлены агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за 2 месяцы (ліпень і жнівень 2022 года), які падрыхтаваў «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў». 

У Атласе моваў свету беларускую мову адзначылі як уразлівую/аслабленую — гэта першая з чатырох прыступак на шляху да вымірання мовы. Беларуская моўная сітуацыя з’яўляецца ўнікальнай тым, што Беларусь — бадай, адзіная монаэтнічная дзяржава ў свеце (беларусы складаюць блізу 80% насельніцтва), дзе ўжыванне роднай мовы пераследуецца, нягледзячы на тое, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай нароўні з рускай. Аднак роўнасць гэтая так і застаецца толькі на паперы.