Дранікі замест гамбургераў



Аляксандр Лукашэнка выказаўся за развіццё ў краіне сеткі нацыянальнай кухні. Ён агучыў гэтую ідэю пасля наведвання аздараўленчага цэнтру “Сасновая” ў Менскай вобласці, пабудаванага ў рамках папулярызыцыі агратурызму. Дарэчы, з падобнай ідэяй раней выступілі два расейскія рэжысёры і бізнэсоўцы Мікіта Міхалкоў і Андрэй Канчалоўскі.

„Мне здаецца, яна – сетка фастфудаў – была б нармальнай. Там павінны быць стравы, якія мы ядзім паўсюль, у любым горадзе. Па-першае, і сабекошт быў бы невысокі, і людзям даступна”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Яму вельмі спадабалася інфраструктура і арганізацыя адпачынку ў «Азярыцкім-Агра». „Вось узор гаспадарання, і да гэтага трэба ісці”, – сказаў кіраўнік краіны. Аздараўленчы цэнтр „Сасновая – „Азярыцкі-Агра” пабудаваны за сродкі, узятыя ў танны крэдыт у „Белаграпрамбанку”, які падтрымлівае развіццё аграэкатурызму. За апошнія 8 гадоў крэдытамі з гэтага банку пакарысталіся 516 уладальнікаў аграсядзіб па ўсёй Беларусі. У мінулым 2014 годзе ілготныя крэдыты атрымалі 61 прадпрымальнікі, якія паспяхова скарысталі раней атрыманыя сродкі.  Па словах старшыні праўлення «Белаграпрамбанку” Анатоля Лысюка, банк падтрымлівае праекты,  звязаныя з беларускай культурай, побытам, абрадамі, кухняй, а таксама так званыя зялёныя сядзібы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, ды вытворчасць натуральных прадуктаў харчавання. Інакш кажучы, і банк, і кіраўнік дзяржавы хочуць аднаго: каб беларусы елі танна і смачна свае нацыянальныя стравы, са сваіх, здаровых, экалагічных прадутаў, без аніякіх там заходніх выдумак і прыправаў.

Месяц раней да падобнага дадумаліся два расейскія браты-рэжысёры – Мікіта Міхалкоў і Андрэй Канчалоўскі. Гэты другі з’яўляецца прадзюсарам кулінарнай тэлепраграмы «Ядзім дома», які вядзе акторка Юлія Высоцкая. Браты-рэжысёры заклікалі прэзідэнта Пуціна і ўрад дапамагчы адкрыць сетку кавярняў, якія сталі б расейскай альтэрнатывай для «Макдональдса». Яны прасілі на гэты патрыятычны праект мільярд рублёў, аднак не атрымалі яго. Ва ўрадзе заявілі, што на рэалізацыю такога праекту не патрабуецца бюджэтнай падтрымкі. Тады рэжысёры патлумачылі, што яны не прасілі грошай у дзяржавы, а ўсяго толькі дапамогі ў атрыманні таннага крэдыту з дзяржаўнага банку. Аднак задума Міхалкова-Канчалоўскага была бязлітасна высмеяна расейскімі інтэрнаўтамі. Рунет адрэагаваў на гэтую ідэю шквалам скептычных жартаў, у якіх Міхалкову нагадалі яго паказную рэлігійнасць, генетычную набліжанасць да ўлады і нават прапанаваны ім падатак на аўтарскія правы. На інтэрнэт-форумах можна прачытаць і ўбачыць безліч з’едлівых допісаў і карцінак. Нехта змясціў карцінку, як будзе выглядаць меню ў расейскіх фаст-фудах: міска турэмнай баланды з чорных хлебам і заіржавелай лыжкай. «Наша сетка хуткага харчавання будзе найхутчэйшай у свеце: вам прыйдзецца хутка есці, паколькі ваш відэлец і талерка патрэбныя іншаму кліенту», – напісаў адзін з інтэрнаўтаў. У цэлым, нават пра ўсім усплёску нацыяналізму, расейцы не вераць, што айчыннае можа скласці канкурэнцыю імпартнаму , як свая «Лада» ніколі не будзе лепшай за «Мэрсэдэс».

Падобнай рэакцыі можна чакаць і ў Беларусі. Па-першае, нацыянальная кухня беларусаў – бедная і нездаровая, звязаная з сялянскім побытам. Праўда, захаваліся рэцэптуры шматлікіх, самабытных страваў, але іх няшмат. Этнограф Антаніна Хатэнка кажа, што “ў нас акцэнт рабіўся ў народзе на тое , як маці мая кажа, “па малаку ног не павалаку”, а трэба сала”. Даследчык гісторыі матэрыяльнай культуры Алесь Белы лічыць, што  “Цяпер няма кулінарыі як закончанай культурнай з’явы, асэнсаванай, як ёсць вельмі развітыя француская, італьянская, японская, украінская кухні. Беларускай у гэтым сэнсе не існуе. Дык якія перспектывы ў беларускіх фаст-фудаў? Мабыць не лепшыя як у расейцаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ