Макей заявіў пра магчымасць з’яўленьня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі калі таго запатрабуе сітуацыя



Паміж Беларуссю і Расеяй існуе дамоўленасць аб тым, што «пэўныя тыпы самалётаў», якія знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі, «будуць мадэрнізаваныя і аснашчаныя, у тым ліку, адпаведнымі сродкамі дастаўкі ядзернай зброі».

Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Уладзімер Макей у інтэрвʼю расейскаму інфармагенцтву РИА Новости.

Разам з тым Макей удакладніў, што не можа ўзяць на сябе адказнасць гаварыць аб размяшчэнні ядзернага ўзбраення ў Беларусі. «Але я ведаю, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся нашымі кіраўнікамі і па лініі міністэрстваў абароны. І, думаю, што, калі таго запатрабуе сітуацыя, то нашыя краіны будуць гатовы пайсці на самыя рашучыя крокі, каб гарантаваць надзейную бяспеку для нашых краінаў, для нашых народаў», – падкрэсліў міністр.

На пытанне аб размяшчэнні ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў, Макей адказаў: «Ніхто не ведае, што можа адбыцца і нельга нічога выключаць у будучым з улікам непрадказальнасці развіцця сітуацыі, непрадказальнасці паводзінаў нашых партнёраў»-сказаў Макей.