Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Металургу” ў матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты сталічнага „Дынама” на выездзе саступілі магнітагорскаму „Металургу” у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Магнітагорцы адкрылі лік ужо на 4-й хвіліне гульні. Незадоўга да канца першага перыяду вызначыўся форвард „Дынама” Дзяніс Масалёў, але гол расейца быў адменены з-за становішча па-за гульнёй. Зраўняць лічбы „зубры” не змаглі і ў наступнай трэці, больш за тое, адставанне мінчан павялічылася да трох шайб. Прабіць галкіпера „магніткі” гасцям удалося толькі ў фінальнай 20-хвілінцы намаганнямі Раяна Спунэра, для якога гэты дакладны кідок стаў ужо сёмым у 10 матчах сезона. Апошняе слова, аднак, засталося за гульцамі „Металурга”, якія закінулі ў пустую брамку „зуброў” у канцоўцы – 4:1 на карысць гасцей. Наступны матч дынамаўцы правядуць заўтра ў гасцях у хакейнага клуба „Сочы”.

Сацішвілі прызнаны лепшым навічком тыдня ў Маладзёжнай хакейнай лізе

Нападнік бабруйскага „Дынама-Шынніка” Данііл Сацішвілі прызнаны лепшым навічком трэцяга тыдня ў Маладзёжнай хакейнай лізе. На мінулым тыдні 19-гадовы нападнік прыняў удзел у трох матчах, у якіх закінуў дзве шайбы і аддаў чатыры выніковыя перадачы. „Дынама-Шыннік” святкаваў тры перамогі запар, дзякуючы чаму ўзняўся на 10-е месца сярод 19 каманд Заходняй канферэнцыі МХЛ, у беларускага клуба 8 ачкоў у 7 сустрэчах.

Літоўцы будуць супернікамі беларусаў у стыках Лігі Нацый

Зборная Гібралтара выходзіла б у стыкавых матчах Лігі нацый за права застацца ў дывізіёне „С” на беларусаў, калі б узяла ў супрацьстаянні з Грузіяй хаця б ачко. Але грузіны напярэдадні ў гасцях выйгралі з лікам 2:1. А гэта значыць, што падначаленым Георгія Кандрацьева, каб не вылецець у лігу „D” і не трапіць у кампанію найслабейшых нацыянальных каманд кантынента, давядзецца перамагаць у стыкавых матчах у сакавіку наступнага года зборную Літвы. Стыкі будуць складацца з адной стадыі, у лізе „С” застанецца пераможца. Супрацьстаянне будзе двухматчавым, па сістэме „дома і ў гасцях”.

Таксама напярэдадні зборныя Англіі, якая ўжо выляцела з дывізіёна А, прымала зборную Германіі. Матч завяршыўся выніковай нічыёй – 3:3, а ўсе галы былі забітыя ў другім тайме. На дакладныя ўдары Гюндагана і Хаверца ангельцы адказалі галамі Шоу, Маўнта і Кейна з пенальці. Але вынік усталяваў Хаверц, які аформіў дубль на 87-й хвіліне гульні. Італьянцы ў гасцях разабраліся з венграмі 2:0 і выйшлі на першае месца ў групе.

Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева не перамагае ў 18 афіцыйных матчах запар. Гэта антырэкорд

Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева, з улікам яго двух перыядаў у руля каманды не перамагае ў 18 афіцыйных матчах запар – гэта антырэкорд для трэнераў нацыянальнай каманды, піша „Прессбол”.  Вікторыя над зборнай Грузіі 2:0 у хатнім паядынку адборавага турніру чэмпіянату свету-2014 да гэтага часу застаецца адзінай для Георгія Пятровіча ў афіцыйных сустрэчах. Бягучая серыя нацыянальнай каманды без перамог складае 13 афіцыйных матчаў.

Івашка прабіўся ў другі раунд турніру АТП у Сафіі

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 71-е месца ў сусветным рэйтынгу,  вытрымаў сапраўдны марафон: у матчы 1/16 фіналу на турніры ў Сафіі ён перайграў 94-ю ракетку планеты шведа Мікаэля Імера з лікам 7:6 (8), 4:6, 7:5. Матч доўжыўся 3 гадзіны 24 хвіліны.

Беларускае Радыё Рацыя