«Непакорныя»
Пры словах «украінскія ваеннапалонныя» мне чамусьці заўсёды ўяўляюцца суровыя ваяры са знясіленым катаваннямі і голадам тварам і пранізлівым позіркам. Таму калі гавораць пра палонных жанчын, намаляваць у галаве партрэт вельмі складана. Тым не менш Украіна заяўляе, што зараз у палоне ў расейцаў знаходзіцца каля 130 жанчын. Гэта медыкі, марскія пяхотнікі, нацгвардзейцы, памежнікі і вайскоўцы з палка «Азоў». Ад гісторый тых, каму ўдалося вызваліцца з палону, проста стыне кроў. Пачынаючы ад умоў утрымання і заканчваючы прыніжэннямі, якія ім прыйшлося перажыць.
Напрыклад, у камеры на дзесяць ложкаў (ложкамі гэта назваць немагчыма), знаходзілася да трох дзясяткаў жанчын. Ежа – толькі для падтрымання жыццядзейнасці. І ніякіх! сродкаў гігіены. Асабліва непакорлівых кідалі ў адзіночныя камеры пад зямлёй без ложка і санвузла. І пастаянны псіхалагічны прэсінг: канваіры прымушалі спяваць гімн РФ, распранацца ў прысутнасці мужчын і стрыглі нагала. Многім казалі, што лепшае выйсце для іх – суіцыд, таму што самае страшнае яшчэ наперадзе. Але для іх не гэта было самым страшным: адсутнасць сувязі з навакольным светам і хоць якая-небудзь інфармацыя аб сваіх сем’ях проста зводзіла з розуму.
Пад пагрозай смерці іх здымалі ў прапагандысцкіх сюжэтах. На шчасце, гэтыя жудасныя гісторыі атрымліваюць агалоску не толькі на тэрыторыі Украіны. Вядомая ўкраінская парамедык і валанцёр Юлія Паеўская (Тайра) нядаўна ў ЗША дала паказанні Хельсінскай камісіі аб жудаснай праўдзе рускага палону. Цяпер гэта афіцыйны дакумент для прыцягнення Расеі да адказнасці за злачынствы. Тайра распавяла аб камерах катаванняў, аб цяжарных палонных, аб тых, каго прымушалі распрануцца, перш чым забіць. У адрозненне ад РФ, Украіна прытрымліваецца нормаў Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі, хоць Расея пастаянна робіць ілжывыя ўкіды на гэтую тэму праз свае інфармацыйныя памыйніцы.
Ды гэта і нядзіўна: стаўленне іх дзяржавы што да жывых, што да мёртвых сваіх вайскоўцаў вядома ўсяму свету. Затое вызваленая некалькі дзён таму з рускага палону ваенны медык Марʼяна Мамонава нарадзіла дачку на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. І ўся краіна за яе балела. Бо гэтай краіне не напляваць на сваіх грамадзян. А сіле духу ваеннапалонных, але няскораных украінскіх жанчын, няхай зайздросцяць рускія бабы.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя