Ігар Банцар: Любыя канцэрты ў Гародні арганізаваць вельмі цяжка



За год існавання гарадзенскаму рок-клубу, некамерцыйнай ўстанове, якая займаецца спрыяннем  і развіццём  андэграундавай сцэны ў горадзе над Нёманам, удалося правесці ўсяго некалькі мерапрыемстваў. Ігар Банцар, дырэктар установы, упэўнены, што да таго часу, пакуль у Беларусі не прыняты закон аб валантарыяце, людзі не змогуць афіцыйна дзейнічаць у арганізацыі. Музыкі дапамагаюць адзін адному прыватна,  і Ігару ўдаецца ўцягваць у дзейнасць клубу розных творчых асобаў. Для арганізацыі канцэраў таксама існуе шмат праблем, што ствараюцца беларускімі ўладамі, кажа Ігар Банцар:

– Сітуацыя даволі складаная, таму што больш за год ужо дзейнічае Указ аб гастрольных пасведчаннях, які быў створаны, зразумела, не для таго, каб палегчыць жыццё ўсім арганізатарам канцэртаў і гуртам, а каб мець канкрэтны дадатковы рычаг уздзеяння на іх з боку ўладаў. Для невядомых, андэграундных  гуртоў даволі істотна, што яны па-за нейкімі схемамі жывуць, працуюць і запісваюць свае альбомы.

Па словах Ігара Банцара, у 2015 годзе яго арганізацыяй запланавана некалькі мерапрыемстваў, бліжэйшае з якіх мусіць прайсці напрыканцы гэтага месяцу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота  budzma.org