Маці салдата высвятляе прычыны яго смерці



“Мама, не адпускай братоў у армію,” –  такімі былі апошнія словы салдата Андрэя Андрыянава, які згарэў ад остэасаркомы за 4 месяцы, праходзячы тэрміновую службу ў 111 Кенігзбергскай Чырвонасцяжнай ордэна Кутузава 2 ступені артылерыйскай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Берасці.

IMG_9846

Радавы Андрыянаў быў прызваны ў армію з вёскі Дзяглі  Жабінкаўскага раёна 16 траўня мінулага года. Памёр у анкалагічным цэнтры Бараўлян 25 снежня. Першапачаткова ў ваенны шпіталь трапіў у верасні.

IMG_9829

Маці Андрэя Андрыянава Алена лічыць, што хвароба была выклікана пабоямі:

– У чэрвені прыязджалі на прысягу – абсалютна здаровы хлопец быў. А тут раптам захварэў. Я колькі разоў у яго пыталася, ці білі яго. Ён нічога не хацеў казаць. Адзінае, прасіў, каб у армію больш нікога не адпускала.

Ваенны камісар Жабінкаўскага раённага камісарыята Андрэй Ануфрыюк сцвярджае, што Андрэй Андрыянаў прызываўся абсалютна здаровым:

– Калі ён прызываўся ў армію, то цалкам адпавядаў крытэрам адбору для адпраўкі на ваенную службу. Не было ніякіх падставаў меркаваць, што ён не адпавядае па катэгорам прыдатнасці.

Начальнік штаба брыгады Сяргей Бялко катэгарычна абвяргае  сцверджанні маці салдата аб пабоях.

Урач-траўматолаг Іван Шэга бачыць ў загадкавай і хуткай смерці маладога салдата 2 прычыны: або медычная камісія перад прызывам прамаргала хваробу, або сапраўды паталогія магла быць справакавана пабоямі.

Камітэт салдацкіх маці адмовіўся  дапамагаць высвятляць прычыны хуткай смерці салдата, як сказала старшыня камітэта Галіна Чыгрынава.

IMG_9857

Паводле Алены Андрыянавай,  яна  будзе дабівацца праўды. А пакуль ёй трэба дамагчыся канчатковага медычнага заключэння аб смерці, якое ёй чамусьці не даюць на рукі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя