Батумі: акцыя „29 год захопу Сухумі”
У грузінскім Батумі адбылася акцыя памяці, якая была прысвечана падзеям 27 верасня 1993 года, калі расейскія войскі захапілі Сухумі. На акцыі было некалькі соцень чалавек. Апроч мітынгу з прамовамі, таксама адбылася прэзентацыя фотавыставы прысвечанай падзеям 1993 году.
Пра акцыю кажа грузінскі актывіст Важа Дарчыя:
– Гэта вельмі важны дзень для грузінаў, бо ўсе мы ведаем, што Абхазія – гэта Грузія. Сёння мы гэта дэманструем і хочам сказаць расейцам, якіх апошнім часам у Батумі ўсё больш, каб яны ведалі, што ў Батумі жывуць людзі, якія ведаюць, што Абхазія – гэта Грузія, якая з’яўляецца суверэннай і мы павінны за гэта змагацца.
Па словах палітыка Зураба Ганджарыя, 27 верасня 1993 года, гэта для яго не толькі дзень калі „паў” Сухумі, гэта яшчэ і дзень, калі загінуў яго тата:
– 29 гадоў трагічнай даце, з таго трагічнага дня, калі я маладым хлопцам – 24 гады, пакінуў свой дом, пакінуў усё, што мае бацькі кроўю і потам зараблялі. Для мяне і для маёй сям’і 27 чысло гэта двойчы трагедыя. 27 верасня таго ж 1993 года каля брамы майго дома расстарлялі бацьку.
На акцыі таксама паказалі дакументальнае кіно пра падзеі 1993 года і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ваяроў, якія загінулі ў Абхазіі, а таксама ваяроў, што гінуць ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя