Жлобінскі „Металург” абыграў „Нёман” у беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Менску, Гомелі і Гародні працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.
У першым матчы дня хакеісты „Гомеля” на сваім лёдзе саступілі „Дынама-Маладзечна” з лікам 1:3. Аўтарам пераможнай шайбы стаў форвард гасцей Дзмітрый Самсонаў. Гэтая вікторыя стала для дынамаўцаў толькі другой у бягучым сезоне. Таксама хатнюю паразу ад „Брэста” пацярпела сталічнае „Юнацтва” – 0:2. У складзе паўднёўцаў вызначыліся Сяргей Шэлег і Віталь Кафееў. Заключны паядынак вечара паміж „Нёманам” і „Металургам” завяршыўся на карысць дзейных чэмпіёнаў – 3:1. Пераможны кідок на рахунку форварда жлабінчан Арцёма Валчанкова. Такім чынам, пасля дзесяці тураў са старту сезона ў экстралізе лідыруе салігорскі „Шахцёр”, у актыве якога 17 ачкоў. На бал менш у „Віцебска”, на два адстаюць „Металург” і аршанскі „Лакаматыў”. Далей размяшчаюцца „Юнацтва”, „Брэст”, „Нёман”, „Гомель” і „Хімік”. Замыкаюць турнірную табліцу „Дынама-Маладзечна”, „Ліда” і „Магілёў”.
Усаў дэбютаваў у перадсезонным матчы за „Тампу”
У перадсезонным матчы НХЛ „Тампа” саступіла „Нэшвілу” — 0:2. Беларускі форвард Ілля Усаў адыграў у цэнтры трэцяй тройкі нападзення. У выніку нападнік зборнай Беларусі правёў на лёдзе 14 хвілін 28 секунд, ужыў 2 сілавыя прыёмы, нанёс 1 кідок і выйграў 25% укідванняў, паведамляе belarushockey.com.
Стасевіч правёў матч за каманду аматараў
36-гадовы беларускі паўабаронца Ігар Стасевіч правёў матч у мінскай футбольнай лізе аматараў. Экс-гулец БАТЭ згуляў за каманду „Захад-3”, якая перамагла Instat – 3:1. Стасевіч адзначыўся забітым мячом і быў прызнаны найлепшым гульцом сустрэчы. Акрамя Стасевіча, за „Захад-3” у гэтым матчы гулялі і іншыя вядомыя ў мінулым беларускія футбалісты: Ігар Шытаў, Аляксандр і Вячаслаў Глебы, Дзмітрый Лебедзеў, Ягор Касараб, Аляксандр Бычанок, Міхаіл Афанасьеў, Юрый Сыраквашка, Аляксандр Цішкевіч і Юрый Каламыц. Стасевіч па выніках сезона-2020 пакінуў салігорскі „Шахцёр” і перабраўся ў „Чайку”, якая выступае ў расійскай ФНЛ. Аднак неўзабаве ён вярнуўся ў Беларусь, дзе падтрымліваў форму ў складзе менскай „Іслачы”. На дадзены момант адзін з найлепшых футбалістаў у гісторыі беларускага футбола знаходзіцца без клуба. Аб завяршэнні прафесійнай кар’еры Стасевіч не аб’яўляў.
Кроас адмаўляецца падаўжаць кантракт з „Рэалам”, ён можа завяршыць кар’еру
Паўабаронца „Рэала” Тоні Кроас можа завяршыць кар’еру пасля заканчэння гэтага сезона, паведамляе AS. Па дадзеных крыніцы, 32-гадовы футбаліст адмовіўся абмяркоўваць падаўжэнне кантракту з клубам. У „Рэале” дапускаюць, што немец завершыць кар’еру пасля заканчэння сезона. Паўабаронца хоча пайсці на піку, ён не жадае выступаць пасля 34 гадоў. Да таго ж Кроас не хоча перашкаджаць развіццю маладзейшых гульцоў. Сцвярджаецца, што „Рэал” ужо пачаў пошук замены для нямецкага паўабаронцы. Кроас выступае за „Рэал” з 2014 года. Агулам ён правёў за каманду больш за 230 матчаў. З 2010 па 2021 год ён абараняў колеры зборнай Германіі, у складзе якой стаў чэмпіёнам свету.
Зборная Аўстраліі выйшла ў паўфінал жаночага чэмпіянату свету
Зборная Аўстраліі перамагла каманду Бельгіі ў чвэрцьфінале жаночага чэмпіянату свету па баскетболе – 86:69. У паўфінале аўстралійкі сустрэнуцца з камандай Кітая. У іншым паўфінале за выхад у фінал паспрачаюцца ЗША і Канада.
Беларускае Радыё Рацыя