Ежы Нікітаровіч: Місія ўніверсітэта ў Беластоку – даць беларусу шанец быць беларусам



У Беластоцкім універсітэце падчас канферэнцыі «Універсітэт на памежжы – ідэя і практыка» адбылася праца панэлі «Культурная спадчына памежжа», дзе асноўная ўвага была нададзена Беларусі.

Зацікаўленасць у спрыянні беларускай адукацыі пацвердзіў экс-рэктар Універсітэта ў Беластоку, прафесар кафедры міжнароднай адукацыі ўстановы Ежы Нікітаровіч:

-Я мяркую, што мы адкрытыя, як універсітэт, бо кожны з Беларусі, хто звяртаецца, заапекаваны, ахвотна з імі супрацоўнічаем, перспектыва ёсць, бо нас яднае супольная гісторыя, Вялікае княства Літоўскае, супольнае хрысціянства, сіла дэмакратыі, барацьба за вольнасць. Мы можам падтрымаць Беларусь, бо няма іншага шляху.

Важнасць прысутнасці беларушчыны ў навуковым жыцці Польшчы падкрэсліў доктар honoris causa Беластоцкага ўніверсітэта Лявон Тарасэвіч:

-Калі казаць пра беларускую культуру, то вельмі добра, калі ідзе пра Беласточчыну. І калі з гэтага палякі не будуць карыстацца, то з кожным днём будуць на гэтым губляць. Бо польская культуру без беларушчыны смутная.

Сярод важных праблем, агучаных падчас панэльнай дыскусіі – адсутнасць ў Беларусі дзяржаўнага заахвочвання выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым ужытку, бізнес-сферы і навучанні. Такая праблема ўскосна ўплывае на адсутнасць ва ўніверсітэце колішняга факультэта беларускай філалогіі.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя