Падмена паняццяў
Вайна не толькі забірае жыцці, але і калечыць лёсы. Асабліва калі гэта датычыцца дзяцей. Ва Украіне ўжо два месяцы функцыянуе дзяржаўная інфармацыйная платформа «Дзеці вайны» – партал, з дапамогай якога праваахоўнікі збіраюць інфармацыю аб непаўналетніх украінцах – ахвярах расейскай агрэсіі.
Штодня сумная статыстыка абнаўляецца. Хаця з-за актыўных баявых дзеянняў і часовай акупацыі часткі тэрыторыі Украіны дакладную лічбу пацярпелых устанавіць немагчыма. Гэта і загінуўшыя дзеці, і тыя, хто прапаў без весткі, і тыя, хто проста быў выкрадзены і дэпартаваны ў РФ, а іх на сённяшні дзень ужо каля васьмі тысяч.
Гаворка не толькі аб дзецях-сіротах, якіх вывозілі з дзіцячых дамоў поўным складам, а і аб такіх, хто згубіўся падчас бамбардзіровак і ракетных удараў. Парталам могуць скарыстацца не толькі сваякі згубленага дзіцяці, але і тыя, хто валодае любой інфармацыяй аб факце дэпартацыі, аб меркаваным месцазнаходжанні, аб прымусовай змене грамадзянства і аб усынаўленні. Любы крок можа даць шанец вярнуцца на Радзіму. Амаральнасць расейскай улады і выканаўцаў яе волі зашкальвае: яны нават заканадаўства па ўсынаўленні спрасцілі, так бы мовіць, „падагналі” пад абставіны, каб Украіна не змагла вярнуць дзяцей.
Хіба не генацыд – іх гвалтоўнае перамяшчэнне са сваёй нацыянальнай групы ў іншую? Адбываецца падмена юрыдычных тэрмінаў „эвакуацыя” і „дэпартацыя”. І маніпуляваць гэтым Расея ўмее. Дзіцячы амбудсмэн РФ, які па абавязку службы павінен адстойваць правы кожнага дзіцяці, але з прычыны адсутнасці сумлення здзяйсняе злачынства адносна ўкраінскіх дзяцей, цынічна заяўляе аб тым, што некалькі дзясяткаў маленькіх украінцаў былі выратаваны (чытай – дэпартаваны) у Падмаскоўе з усходу Украіны. Нібыта бацькі кінулі іх у падвалах, а добрыя расейцы знайшлі, вывезлі ў РФ і пасялілі ў прыёмныя сем’і.
Спачатку маленькія „нацыкі” казалі гадасці аб прэзідэнце РФ, спявалі гімн Украіны, але даволі хутка інтэграваліся: цяпер яны адмаўляюцца вяртацца ва Украіну, а негатыўнае стаўленне да Расеі „ператварылася ў каханне”. Узнікае пытанне: ці можа стэрылізацыя дзіцячых амбудсменаў у РФ выратаваць хоць адно дзіця?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя