Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Тамары Сялюн
Жыхарка Вілейкі Тамара Сялюн не здолела дамагчыся выканання беларускімі ўладамі Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яна хацела атрымаць звесткі ад Дэпартаменту выканання пакаранняў пра час смерці яе сына Паўла, а таксама пра месца яго пахавання. Такія дзеянні калегія гараденскага абласнога суда на чале з Ігарам Ермаковым палічыла слушнымі, а магчымасць узбуджэння грамадзянскай справы супраць Дэпартаменту палічыла немагчымым.
Кажа Раман Юргель, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту:
– Тамара Сялюн не прысутнічала на гэтым паседжанні. Ёй эмацыйна вельмі цяжка гэта пераносіць і ўсё гэта адбіваецца на яе здароўі. Калегія Гарадзенскага абласнога суда ў складзе суддзяў Зоі Нікольскай і Ларысы Паляковай пад старшынствам Ігара Ермака не задаволіла скаргу Тамары Сялюн. Разгляд справы заняў усяго дзве хвіліны. На жаль, у ХХІ стагоддзі Беларусь не падышла да еўрапейскіх стандартаў у судовай вытворчасці.
Магчымасці судовага вырашэння парушаных грамадзянскіх правоў Тамары Сялюн у Беларусі вычарпаны. Як заўважыў Раман Юргель, Тамара Сялюн будзе падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на несправядлівае судовае рашэнне.
Яе сын Павел Сялюн быў расстраляны па выраку суда ў красавіку 2014-га года. Месца пахавання і час смерці выканаўцы прысуду ёй не паведамілі, што з’яўляецца катаваннем, паводле Канстытуцыі нашай краіны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота spring96.org