Святлана Ціханоўская наведала Кракаў і Асвенцім, усклала кветкі ахвярам лагеру смерці «Аўшвіц-Біркенаў»
У Кракаве сёння жывая прэзентацыя кнігі «Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska», у якой прымае ўдзел аўтар Руслан Шошын і галоўная гераіня кнігі – Святлана Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская наведала ў Кракаве каралеўскі замак Вэвель і ўсклала кветкі на магіле Леха і Марыі Качыньскіх – прэзідэнта Польшчы і яго жонкі, загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе. Ціханоўскую суправаджаў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Затым Святлана Ціханоўская наведала Асвенцым, што ў 60 км ад Кракава, і музей на месцы нацысцкага лагеру смерці «Аўшвіц-Біркенаў». Там яна ўсклала белыя і чырвоныя кветкі. У кнізе памяці музею Ціханоўская пакінула такі допіс:
«Хопіць нявінных ахвяраў. Людзі не павінны паміраць ад крывавых ідэй дыктатараў. Чалавечае жыццё – найвышэйшая каштоўнасць. Мне балюча думаць, што столькі людзей памерла ў гэтым месцы. І што сярод іх было столькі беларусаў», – напісала палітык.