Галоўчанка заявіў, што праблема расейскага падаткавага манеўру вырашана



Прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка пасля перамоў з расейскім прэмʼерам Міхаілам Мішусціным заявіў, што дамова аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках, падпісаная ў Маскве, здымае для Беларусі праблему падатковага манеўру. Гэтае пытанне абмяркоўвалася шмат гадоў, бо было звязана з коштам нафты для беларускага боку.

«Расейскія калегі пайшлі насустрач, і цяпер гэтая праблема, якая стварала пэўны негатыў, вырашана», – заявіў чыноўнік.

Паводле Галоўчанкі, выраўноўваюцца ўмовы для беларускіх і расейскіх субʼектаў гаспадарання, яны будуць працаваць «у адзіным прававым падатковым полі».

Яшчэ 9 верасня Аляксандр Лукашэнка ўказам № 315 ухваліў праект дамовы з Расеяй адносна агульных прынцыпаў падаткаабкладання. Беларусь і Расея павінны ўзгадніць сваё падатковае заканадаўства, якое датычыць ПДВ і акцызаў, з палажэннямі дамовы. Вызначаюцца стаўкі акцызаў на мінімальны пералік тавараў і паслуг. Таксама плануюць стварыць Наднацыянальны падатковы камітэт, які будзе адсочваць выкананне краінамі  гэтых дамоўленасцяў.

Беларускае Радыё Рацыя