Хакеісты менскага „Дынама” адолелі „Тарпеда” ў матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” на выездзе абыгралі ніжагародскае „Тарпеда” ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Стартавая трэць паядынку ў Ніжнім Ноўгарадзе скончылася з мінімальнай перавагай гасцей, у другім матчы запар вызначыўся форвард „Дынама” Павел Варфаламееў. Наступны перыяд выйшаў для „зуброў” не такім удалым: гульцы мінскай каманды шэсць разоў зазіралі на лаўку штрафнікоў, дзякуючы чаму „Тарпеда” ўдалося не проста адыграцца, але і выйсці наперад – 2:1. На шчасце, у ролі адстаючых дынамаўцы прабылі нядоўга, у сярэдзіне фінальнай 20-хвілінкі лічбы зраўняў Седрык Пакет. Зыход паядынку вырашыўся ў авертайме, дзе перамогу „зубрам” прынёс абаронца Джозэф Душак, для якога гэтая шайба стала дэбютнай у сезоне. Такім чынам, мінчане спынілі серыю з чатырох паразаў запар.

Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць у сераду – беларуская каманда вернецца на „Мінск-Арэну”, дзе згуляе з падольскім „Віцязем”.

Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі „Дынама-Казані” ў расійскай

Валейбалісткі „Мінчанкі” на сваёй пляцоўцы саступілі „Дынама-Казані” ў другім матчы сезона расійскай Суперлігі сярод жаночых каманд.

Паядынак у сталічным палацы спорту „Уручча” стаў для беларусак першым хатнім матчам у новым сезоне. Суперніцы беларусак „Дынама-Казань” у мінулым чэмпіянаце ўвайшлі ў чацвёрку лепшых каманд турніру, у той час як „Мінчанка” заняла перадапошняе 13-е месца. Тым не менш, у стартавай партыі больш саліднай выглядалі менавіта гаспадыні пляцоўкі – 25:22. На жаль, гэты адрэзак так і застаўся для беларусак адзіным удалым, тры наступныя сэты выйгралі госці з Казані 25:20, 25:9, 25:23. Такім чынам, „Мінчанка” прайграла другі матч на старце сезона – 24 верасня падначаленыя Сяргея Юркіна саступілі маскоўскаму „Дынама” 0:3. Наступную гульню ў жаночым чэмпіянаце Расіі па валейболе „Мінчанка” правядзе 9 кастрычніка ў гасцях у „Туліцы”.

Азаранка прайграла на турніры ў Астраве

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка пацярпела паразу на старце турніру катэгорыі WTA-500 у чэшскай Астраве з прызавым фондам 757 тысяч даляраў.  У 1/16 фіналу беларуска, якая займае 24-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў трохсэтавым паядынку 21-й ракетцы планеты расіянцы Кацярыне Аляксандравай – 4:6, 6:4, 2:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 20 хвілін.

Ягор Шаранговіч паўдзельнічаў у пераможным спарынгу з „Бостанам”

Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч паўдзельнічаў у выставачным матчы з „Бостанам”. „Д’яблы” гулялі дома і перамаглі з лікам 1:0. Адзіную шайбу на 11-й хвіліне закінуў Томаш Татар.
Шаранговіч выходзіў на лёд у першым звяне, дзе яго партнёрамі былі Йеспер Братт і Джэк Х’юз. За 15 хвілін 39 секунд гульнявога часу беларус бамбардзірскімі баламі не разжыўся, зарабіў 0 у графу „+/-„, зрабіў адзін кідок і здзейсніў тры перахопы.

Беларускае Радыё Рацыя