З’явіўся „амерыканскі” маршрут па Палессі



У Пінскім раёне на Берасцейшчыне з’явіўся турыстычны маршрут, які пралягае па дарогах амерыканскай экспедыцыі. Навуковую вандроўку ў 1934-м годзе па пінскім Палессі здзейсніла амерыканская даследчыца Луіза Арнэр Бойд. Стварэнне турыстычнага маршруту падтрымала амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі.

Распрацоўшчык маршруту, краязнаўца Эдуард Злобін адзначае, што амерыканка адкрыла беларускае Палессе Захаду:

– Яна больш вядомая як даследчыца Палесся, паўсюдна дзе заўгодна, у той жа Польшчы, у той жа Амерыцы таму, што выходзіла некалькі альбомаў яе вандровак. Яна была зачараваная Палессем, паказала свету Палессе ва ўсёй такой сваёй шматграннасці, сваёй нейкай вельмі вялікай арыгінальнасці. У прынцыпе яна пазіцыянавала Палессе і ў прынцыпе паказала свету, што такое Палессе.

Луіза Арнэр Бойд у верасні-кастрычніку 1934-га года знаходзілася на Піншчыне, дзе зрабіла каля 700 здымкаў і вяла „палескі дзённік”, у якім дзялілася ўражаннямі ад мясцовых краявідаў і людзей. Сёлета плануецца шэраг мерапрыемстваў, каб ушанаваць памяць амерыканкі на Палессі.

Беларускае Радыё Рацыя