Лукашэнка ўзмацніў жорсткасць умоваў працы аграэкасядзіб



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ „Аб развіцці аграэкатурызму”. Цяпер для вядзення бізнесу ў сферы аграэкатурызму трэба атрымліваць дазволы ў райвыканкамах, забараняецца весці гасцінічны і рэстаранны бізнес пад выглядам аграсядзіб.

Дакумент абмяжоўвае колькасць жылых пакояў для турыстаў (не больш за дзесяць), удакладняе патрабаванні да вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і колькасці аказваемых у комплексе відаў паслуг (не менш як два). Пералік паслуг дапоўнены правядзеннем майстар-класаў, накіраваных на азнаямленне наведвальнікаў з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёна. Уводзяцца абмежаванні па правядзенні прэзентацый, банкетаў і іншых мерапрыемстваў у непасрэднай блізкасці ад суседніх жылых дамоў.

Указ устанаўлівае адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне (у тым ліку з боку наведвальнікаў) грамадскага парадку, невыкананне заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, супрацьпажарных патрабаванняў, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Для працы ў сферы аграэкатурызму неабходна атрымліваць дазвол у райвыканкамах. Дзеючыя аграэкасядзібы павінны атрымаць такі дазвол да 1 ліпеня 2023 года.

Аблвыканкамы атрымалі права вызначаць пералікі населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх нельга размяшчаць аграэкасядзібы.

reform.by