Што трэба зрабіць для нацыянальнага адраджэння найперш? Тлумачыць Аліна Коўшык
У напрамку нацыянальнага адраджэння – працы багата. Кажа прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
Да працы кабінета беларуская журналістка і тэлевядоўца далучылася 16 верасня. Перад ёй паставілі пэўныя задачы, сярод якіх ствараць стратэгію Нацыянальнага Адраджэння Беларусі, папулярызаваць веды па гісторыі, культуры і беларускай мове ды рыхтаваць рэформы ў галіне культуры, адукацыі, СМІ. Аліна Коўшык вызначае некалькі важных кірункаў:
– Гэта адукацыя, культура, гэта гістарычная памяць, а таксама антыпрапаганда. Па кожным кірунку я буду старацца знайсці нейкія кропкі, якія рэальна рэалізаваць праз тыя паўгады, на якія нам далі мандат на канферэнцыі «Новая Беларусь». Я гляджу на гэта, як на вельмі працяглую працу, і ёсць адзін доўгатэрміновы праект, які я прынамсі хачу запусціць. Першыя два тыдні на новай пасадзе я правяла ў вялікай колькасці кансультацый, размоваў з прадстаўнікамі розных ініцыятываў каб зразумець, чым я магу быць карысная.
Таксама Аліна Коўшык важную ролю надае культурнай дыпламатыі. Паколькі перакананая, што беларуская культура не можа развівацца без сусветнага кантэксту. Далучыцца да працы прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні можа кожны, хто мае ідэі для развіцця нацыянальнай культуры.
Беларускае Радыё Рацыя