Кіраўнік Згуртавання беларускіх патрыётаў
7 кастрычніка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянал-дэмакратычнага дзеяча, пісьменніка і выдаўца Юрыя Попкі (Юрыя Жывіцы, 1912-1990).
Юрый Жывіца быў родам з Пружаншчыны. Вучыўся ў польскай школе, але заўсёды набываў і чытаў беларускія газеты і календары. А ў 1930-х гадах пасябраваў з многія навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі.
Падчай Другой сусветнай вайны Юрый Попка заснаваў у Пружанах Беларускі камітэт, дзякуючы якому на Пружаншчыне адкрываліся беларускія школы.
У чэрвені 1944 года беларус прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе ў Менску, а потым выехаў на Захад.
На Захадзе працаваў у баўэра і на фабрыцы, але з беларускімі справамі не развітваўся. Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Быў сябрам замежнага сектара Беларускай незалежніцкай партыі. Ён кіраваў нацыяналістычнай беларускай арганізацыяй “Згуртаванне беларускіх патрыётаў”.
У Германіі Юрый Жывіца адкрыў беларускі музей, паставіў помнік загінулым беларусам у 1939-1945 гадах. А таксама займаўся літаратурнай і выдавецкай справай.
Першы літаратурны твор «Восенню» надрукаваў у 1938 годзе ў часопісе “Шлях моладзі. У 1942—1944 гадах быў адным з аўтараў штотыднёвай беларускамоўнай беластоцкай газеты «Новая дарога».
Ва ўласных творах адлюстраваў барацьбу беларускіх партызан і падпольнікаў за незалежнасць Беларусі ў ваенныя і пасляваенныя гады.
Выдаваў таксама газеты і часопісы «Наш сцяг», «Вехі», «Беларуская праўда» і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя