У Беластоку прайшла акцыя супраць расейскай агрэсіі ва Украіне
У Беластоку на Рынку Касцюшкі прайшла сумесная беларуска-польска-украінская акцыя супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Больш за паўсотню людзей выйшлі з нацыянальнымі сцягамі і антываеннымі плакатамі, каб выказаць сваю салідарнасць з Украінай у супрацьстаянні з вайсковай агрэсіяй з боку Крамля. І чарговы раз нагадалі, што беларускі народ выступае супраць вайны ва Ўкраіне, якую з боку расейскіх агрэсараў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока – Ян Абадоўскі:
-Мы хочам паказаць, што нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і Лукашэнкам. Бо, на жаль, Лукашэнка цягне нашу краіну ў вайну. І мы хочам паказаць, што мы выступаем супраць вайны, супраць агрэсіі, супраць рэжыму Лукашэнкі. І хочам паказаць, што вольныя беларусы будуць пратэставаць і выказваць салідарнасць з народам Украіны.
Да акцыі далучыліся таксама і прадстаўнікі Саюза палякаў на Беларусі, якія зараз знаходзяцца ў выгнанні, каб нагадаць таксама і пра праблему, якая ўзнікла зараз з каталіцкім касцёлам у Беларусі, і ў прыватнасці з тым, што акупацыйны рэжым Лукашэнкі спрабуе адабраць у вернікаў Чырвоны касцёл, адзін з сімвалаў не толькі Менску, але і ўсёй Беларусі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток