Каталікі просяць Лукашэнку пусціць іх у Чырвоны касцёл



Абшчына «Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены» просіць даць сваім прадстаўнікам доступ у касцёл. Яны адзначаюць, што да гэтага часу не маюць доступу ў Чырвоны касцёл для абследавання пашкоджаных канструкцый і вопісу маёмасці. Вернікі звярнуліся ў КУП „Менская спадчына” (уладальніку будынка), накіравалі ў Следчы камітэт запыт аб прадастаўленні інфармацыі аб праведзеных следчых дзеянняў і напісалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. Тэкст ліста апублікаваны на сайце Чырвонага касцёла.

У лісце Лукашэнку ад імя абшчыны пробашч касцёла ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк адзначае, што пасля пажару неабходны агляд і абследаванне памяшканняў з удзелам прадстаўнікоў абшчыны.

«Агляд памяшканняў, вызначэнне магчымай шкоды маёмасці, мог і павінен праводзіцца з удзелам упаўнаважаных прадстаўнікоў абшчыны (кіраўніцтвы і тэхнічных службаў, адказных за эксплуатацыю). Няўхільнае выкананне такой працэдуры, вызначанай правам, з’яўляецца абавязковым і забяспечвае як інтарэсы абшчыны, так і інтарэсы дзяржавы як уласніка маёмасці», – гаворыцца ў лісце.

Абшчына падкрэслівае, што ўзгаранне ў ізаляваным памяшканні не павінна пацягнуць спыненне дзейнасці ва ўсім аб’екце.

Абшчына звяртае ўвагу, што атрымала ўльтыматыўнае патрабаванне вызваліць будынак касцёла ад рухомай маёмасці да 12 кастрычніка. Вернікі мяркуюць, што гэтае патрабаванне неабгрунтаванае.

«Вызваленне ўсіх памяшканняў Касцёла, дэмантаж святых культавых рэліквій, верагодна, з’яўляецца неабгрунтаванай і неадэкватнай мерай рэагавання на інцыдэнт і вызначалася, верагодна, без узгаднення з Вамі. … Звяртаючыся да Вас, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, як да Гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, просім удзяліць увагу дадзенай сітуацыі», – гаворыцца ў лісце.

Абшчына адзначае, што Рымска-каталіцкая царква мае шматвекавы вопыт у рамонтных і рэстаўрацыйных работах без закрыцця касцёла. Вернікі спадзяюцца, што атрымаюць дазвол агледзець маёмасць у касцёле разам са спецыялістамі „Менскай спадчыны” і прадоўжыць праводзіць богаслужэнні.

Ноччу 26 верасня ў касцёле адбыўся пажар. У той жа дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна прыняла рашэнне часова забараніць эксплуатацыю будынка. Менгарвыканкам заявіў, што ўладальнік будынка, КУП „Менская спадчына”, не можа выконваць абавязацельствы па дамове і запатрабаваў ад рэлігійнай абшчыны вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ.