За беларускае жыццё — Нобелеўская прэмія міру!
«Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру гэтага года нагадваюць нам аб тым, што нават у цяжкія дні вайны, перад тварам запалохвання і прыгнёту немагчыма пагасіць агульнае чалавечае імкненне да правоў і годнасці. На працягу многіх гадоў яны нястомна змагаліся за правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку за права свабодна выказвацца і адкрыта крытыкаваць. Яны выконвалі сваю місію з запалам і настойлівасцю. (…) Алесь Бяляцкі ніколі не адмаўляўся ад патрабавання дэмакратычных свабод, якіх заслугоўвае беларускі народ, нават знаходзячыся ў зняволенні. Алесь Бяляцкі, Цэнтр грамадзянскіх свабод і «Мемарыял» заслугоўваюць прызнання за праведзеную імі працу», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
Увесь свет віншаваў вылучэнцаў, але ўкраінскі палітычны і культурны істэблішмент да гэтага факту паставіўся мякка кажучы з насцярожанасцю, а часам нават з непрыхаванай варожасцю. Цяжар вайны, раны і разбурэнне краіны патрабуюць ад міжнароднай супольнасці штодзённай падтрымкі.Той рэальнай, мілітарнай і той духоўнай. Нават тое, што Цэнтр грамадзянскіх свабод — гэта ўкраінская праваабарончая арганізацыя, якая не адмаўляецца ад прыняцця ўзнагароды разам з іншымі двума вылучэнцамі. Здаецца, што нават прэзідэнт Уладымір Зяленскі не павіншаваў першага ўкраінскага Нобеля, а ягоны блізкі саветнік Міхаіл Падаляк ізноў абвінавачвае беларусаў у калектыўнай адказнасці за пуціна-лукашэнкаўскую агрэсію ва Украіну.
Пятніца, 7 кастрычніка 2022 напэўна трывала запішацца ў гісторыі беларускай дзяржавы і беларускага народа, нягледзячы на месца пражывання. «Аж не верыцца, што такое дзеецца, — мільганула мне ў галаве думка, калі ўсе стужкі навін разгарэліся да чырвані, — Алесь Бяляцкі сярод трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі!» Памятайма таксама, што Алесь Бяляцкі зусім нядаўна, бо 25 верасня, адзначыў свой 60-гадовы юбілей менавіта за кратамі і ў атмасферы пагражаючага яму вялікага тэрміну зняволення. Паводле мяне, самае, найважнейшае і галоўнае ў выпадку Алеся Бяляцкага гэта тое, што з пачатку 1980-х гадоў упэўнена ўступіў на шлях змагання за незалежную, дэмакратычную беларускую Беларусь. Ягоная асоба персаніфікуе не толькі апошнія два гады, час пасля выбараў 2020 года, але і той шлях і тых аднадумцаў — усіх старэйшых змагароў і праваабаронцаў, якія знішчаліся за змаганне за беларускасць. Ён — пераемнік пачаткаў незалежнага беларускага антыкамуністычнага падполля 80-х гадоў, які па сёння застаўся ў цэнтры палітычных віхраў і сваіх антыдыктатарскіх поглядаў. За сваю дзейнасць пяць разоў вылучаўся на ганаровае званне лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру.
Я памятаю, што калі мы былі студэнтамі і слухалі інфармацыю пра разгон першых мітынгаў — «Дзядоў», шэсцяў у абарону Курапатаў, то менавіта яго прозвішча і фота з’яўлялася сярод суарганізатараў, а таксама тых, хто рэзка, значыць фізічна, даваў адпор міліцыянтам. І мо з майго боку прагучаць гэта як сарказм, але, здаецца, паводле сённяшніх стандартаў праваабаронцаў, у тым і цяперашніх некаторых «вясноўскіх» функцыянераў, ён не мог бы быць занесены ў спіс палітычных вязняў, бо… аказваў сілавы супраціў міліцыянтам і кагэбістам. Ну што ж, іронія гісторыі, ці проста агульначалавечае разбурэнне паняццяў і каштоўнасцей, якое з’ядае нас кожнага дня ў сваіх бюракратычных дробязях. Але як і тады ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, так і зараз сам беларускі народ ёсць і будзе адзіным суддзёю ў справе сваіх герояў, лідараў, палітычных зняволеных, а не нейкія «аб’ектывізаваныя, бюракратычныя патрабаванні»….
Гэта не ўсё ў чым удзельнічаў у свае маладыя і дарослыя гады Алесь Бяляцкі. Знакамітыя арганізатарскія ўмеласці ў пары з павагай да міжчалавечых суадносін выбудоўвалі і яго аўтарытэт. Здаецца, што першай яго марай было стаць навуковым даследчыкам беларускай літаратуры і літаратурным крытыкам. Нічога затым дзіўнага, што ягонае прозвішча віднее сярод стваральнікаў легендарнай літаратурнай групы «Тутэйшыя», а выданнем у 1991 годзе сваёй працы «Літаратура і нацыя» адназначна расставіў акцэнты для літаратурных выклікаў. Выбудаваны, створаны і кіраваны ім Музей Максіма Багдановіча стаў месцам не музейнай сырасці, але пляцоўкай інтэлектуальных, грамадскіх, нацыянальных і еўрапейскіх выклікаў. Патрэба жыць актыўна ў беларускай грамадскай прасторы вядзе яго ў дэпутаты гарадскога савета Менска, які завесіць бел-чырвона-белы сцяг над менскім магістратам. А таксама памятайма пра ягоную актыўнасць у Беларускім народным фронце, які вярнуў беларусам годнасць і незалежнасць. То ён будзе таксама адным са сустаршынь гэтай арганізацыі і не адзін, і не два разы будзе вадзіць велізарныя дэманстрацыі па вуліцах Менска. Школа падпольнага і палітычнага дзеяння была той зарукай разумення саміх беларусаў з нацыянальнага пункту гледжання, а не толькі з апалітычнага, праваабарончага погляду клерка ці то мясцовага, ці міжнароднага маштабу. Аднак цягам усяго жыцця не згубіў ён кантактаў з літаратурным, пісаным словам. Аўтабіяграфічныя ўспаміны са зняволення і сваіх праваабарончых вандровак гэта ўклад Алеся як пісьменніка ў нашу літаратурную, духоўную спадчыну.
Нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму — вялікая падзея для ўсяго пакалення, якое вяло змаганне спачатку сіламі ў некалькі дзясяткаў асоб. Потым сталі іх сотні, тысячы, а зараз мільёны заўсёды верных бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня». Ад гэтага ніколі менавіта Алесь Бяляцкі не адракаўся. Ствараючы ў 1996 годзе праваабарончую арганізацыю «Вясна», у яе аснову паклаў прынцып абароны нішчанай беларускасці. Было гэта адным з яе адрозненняў, а калектыў людзей сарганізаваны Алесем меў выразна нацыянальную, беларускую афарбоўку. Гэта менавіта не дазваляла паніжаць і ганьбаваць беларускасцю не толькі з боку лукашыстаў, але і «истинно демократических кругов Белоруссии». Алесь Бяляцкі — адзін з тых сябраў беларускай нацыянальнай меншасці, які жыў нашымі справамі, бываючы і гасцюючы ў нас на Беласточчыне. Ён не толькі рэгулярна чытаў «Ніву», калі быў на волі, нашы беларускія літаратурныя і гістарычныя выданні, але заўсёды выступаў у нашай абароне і заступаўся за нас перад польскімі ўладамі і міжнароднымі структурамі. У «сумна славутай» справе абвінавачання нашага тыднёвіка ў парушэнні фінансавай дысцыпліны, калі былі прад’яўлены пракурорскія закіды, у яго асобе і другіх беларусаў мы атрымалі доказы рэальнай бязмежнай, беларускай салідарнасці. На жаль, з‑за фінансавых абвінавачанняў сам сядзеў ён першы раз у турме, так як і зараз, апынуўшыся за кратамі. Таму памятайма і падтрымлівайма Алеся, але і ўсіх зняволеных, асуджаных, праследаваных і выкінутых з Беларусі. Гэта проста наш маральны нацыянальны абавязак.
Паводле больш ці менш неафіцыйных вестак, навіна пра прысуджаную прэмію дайшла ў турму да Алеся. Як бы ўлады не скрывалі гэтую інфармацыю, але яна пранікне праз турэмныя муры і драты ў калоніях да ўсіх, хто апынуўся ў зняволенні з‑за свайго права на думанне і волю. Гэта той прамень надзеі, што ніхто не будзе пакінуты, пра ўсіх будзем памятаць і ўсё будзе менавіта зроблена дзеля таго, каб не адчувалі яны сябе ў самоце і паніжэнні. Таксама гэта зарад надзеі і для ўсіх тых людзей, якія мусілі з’ехаць з роднай краіны. А той лозунг, які лунаў у 2020 годзе і раней «Верым! Можам! Пераможам!» дае новую сілу і гучанне. Раней ці пазней, але тая перамога мусіць быць! Зараз Нобель Алесю Бяляцкаму гэта адзін з важнейшых фактараў у гэтым напрамку!
Ягоная адданасць беларускай і дэмакратычнай справе абароны чалавечых правоў не была б магчымая без ягонай жыццёвай і сямейнай спадарожніцы Наталлі. Каханне маладосці вытрымала ўсе ціскі, буры гісторыі і палітыкі. Сціплая, далікатная і адказная жанчына разам з сынам Адамам усё жыццё раздзяляюць добрае і благое ва ўсіх выпрабаваннях — пры расставаннях з‑за турэмнага зняволення і ў хвілінах супольнага адпачынку на прыродзе, калі кветкі, агарод, вада і лесу далягляд хоць крыху супакойваюць сарваныя нервы. І само здароўе ўжо не тое. Але маўкліва і з жаночай годнасцю трэба несці гэты крыж, які выпаў на яе долю. Але без пафаснасці і адчаю, але з веданнем, што так проста трэба. Так як ведаюць і другія жонкі і маці палітвязняў. Супольныя падарожжы па гістарычных мясцінах Беларусі з Марынай Адамовіч, жонкай Мікалая Статкевіча і Валянцінай Аліневіч, мамай нязломнага, шматгадовага палітычнага вязня Ігара Аліневіча, які з 19 верасня трымае галадоўку супраць тым здзекам і катаванням, якія выпалі на долю яму і іншым палітвязням, дапамагаюць пераадолець цяжкасці. Гістарычныя муры і сцены, інтэр’еры беларускіх храмаў, прывіды замкаў гэта тыя шчыты, што дазваляюць тым жанчынам абараняць і ахоўваць сямейную і нацыянальную годнасць. На свой спосаб робяць гэта і ўсе беларускія жанчыны — тыя, якія пераносяць здзекі і пакуты ў зняволенні, і тыя, што моляцца за сваіх родных, каб пабачыць іх на волі і далей быць разам… Супольны боль і перажыванне за тое, ці выжывуць і выйграюць не толькі свой лёс. Але тут вайна за тое, ці будзе існаваць беларускі народ і дзяржава. На шалях асабістае жыццё і свой народ, а на другой — антыбеларускія дыктатары з атамнымі боегалоўкамі. Рыцары «Пагоні» не звяліся ў Беларусі, так як іх шляхетныя жонкі і маці іхніх дзяцей. Слава і падзяка Вам за ўсё!
Здаецца, што ўзнагарода была нечаканасцю, калі казаць пра ўсялякія стаўкі букмекераў. Але для нас, беларусаў, гэтая ўзнагарода як шанц для нацыі, бо Алесь Бяляцкі атрымлівае яе асабіста, персаніфікавана. Гэта і падзяка за яго грамадска-палітычнае, асабістае жыццё, за свой асабісты, маральны прыклад саракагадовага змагання за важнае для ўсіх беларусаў і нашага чалавецтва. Дзякуй табе Алесь, што пашчасціла нам сустрэцца па дарозе і прагаварыць ды памарыць пра наша, беларускае. Дзякуючы табе многія людзі не трапілі ў безнадзейнасць. А зараз Ты, як сапраўдны капітан, не пакінуў свайго любімага карабля — Беларусі. Яна апынулася ў трыкутніку сённяшняй вайны Беларусь — Расея — Украіна. Прызнанне прэміі ў сямідзясятую гадавіну нараджэння Уладзіміра Пуціна гэта таксама і выклік супраць самой дыктатуры. Як бачыцца, ні Беларусь, ні Украіна, ні сама Расея не можа жыць пад ярмом той сітуацыі і быць закладнікамі двух ашалелых дыктатараў — Пуціна і Лукашэнкі. Супраць гэтым воінам цемры мы маем ужо пару беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў — Святлану Алексіевіч у галіне літаратуры з 2015 года, а зараз Алеся Бяляцкага — за беларускае жыццё — з кастрычніка 2022 года.
Жыве Беларусь!
(Фота з сямейнага архіва Наталлі і Алеся)
Яўген ВАПА, тыднёвік „Ніва”, №42, 2022 год