“Менскаму Бісмарку” – 175
13 кастрычніка спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча (1847-1928) – гаспадарчага і палітычнага дзеяча Беларусі.
З імем Эдварда Вайніловіча непасрэдна звязаны адзін з адметных архітэктурных помнікаў Менска – Чырвоны касцёл імя святых Сымона і Алены. Эдвард Вайніловіч быў не толькі адным з найбагацейшых памешчыкаў, але і адным з самых адукаваных людзей Менскай губерні ў другой палове ХIХ стагоддзя. У памяці нашчадкаў ён застаўся як меценат, грамадскі і палітычны дзеяч, шчыры хрысціянін. Сваё багацце ён нажыў уласнай працай.
Нарадзіўся Эдвард Вайніловіч 13 кастрычніка 1847 года ў Сляпянцы, што пад Менскам (цяпер гэта мікрараён горада), у маёнтку, які належыў бацькам яго маці, Эдварду і Міхаліне Ваньковічам.
Бацькі Эдварда Адам і Ганна (з роду Ваньковічаў) Вайніловічы жылі ў маёнтку Савічы Слуцкага павету (цяпер вёска Капыльскага раёна), таму і не выпадкова ў надпісе на памятнай табліцы ў Нясвіжы называецца месца нараджэння Савічы. У1865 годзе ён з медалём скончыў Слуцкую гімназію, якая ў той час была адной з самых прэстыжных сярэднеадукацыйных устаноў. Медаль даў магчымасць Эдварду паступіць у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы ў 1869 годзе працаваў інжынерам-механікам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу. Карыстаўся павагай за сваю добрасумленную працу. Але бацька пажадаў, каб Эдвард працягваў навучанне за мяжой. У Берліне ён паступіў рабочым на завод паравозаў “Борсіка” і працаваў да 1870 года. Азнаёміўшыся дасканала з паравозамі, Эдвард уладкоўваецца на працу ў “Arsenal des Chemins fer l`Etat”, каб мець магчымасць практыкавацца ў рамонце лакаматываў. Цікава, што Эдвард сам вырашыў пачынаць кар’еру простым рабочым, хаця інстытут скончыў бліскуча. Праз некаторы час бацька адклікае яго назад дадому, каб пайшоў дарогай сваіх продкаў – гаспадароў зямлі. І ўсё ж папярэднія гады далі свой плён: ён зразумеў псіхалогію чалавека працы, падуладнага і залежнага.
У 1872 годзе Эдвард Вайніловіч становіцца слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча), затым сельскагаспадарчая практыка з усімі яе тагачаснымі навуковымі дасягненнямі ў “Махеlu”. У 1874 годзе памірае яго бацька, і Эдвард застаецца жыць у Савічах, дзе гаспадарыў да 1920 года. Прадпрымальніцтвам пачаў займацца яшчэ у канцы 70- х гадоў ХIХ стагоддзя. Талент арганізатара і мецената дазволіў яму займаць на працягу 40 гадоў высокую пасаду віцэ-старшыні і старшыні Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, а таксама старшыні Таварыства дабрачыннасці Слуцкага павета. Пры яго падтрымцы ў Слуцку было адкрыта камерцыйнае вучылішча і інэрнат для 60 найбольш бедных навучэнцаў.
У канцы ХIХ стагоддзя ён стварае Таварыства ўзаемнага сельгасзабеспячэння, якое дзейнічала і ў Віленскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай губернях. Адначасова ствараецца яшчэ адно Таварыства – узаемнага крэдытавання ў Менску. У 1901 годзе ў Клецку па ініцыятыве Эдварда Вайніловіча адкрываецца ашчаднае таварыства, якое распаўсюджвае дзейнасць і ў Нясвіжы. Гэта быў прыклад сапраўды новага падыходу да фінансавай дзейнасці. Вывучаць яго вопыт прыязджалі з Менска, Вільні, Кіева, Львова, Гародні і з іншых гарадоў. Амаль адначасова прадпрымальнік у Менску і Вільні арганізаваў Таварыства (акцыянернае) гарадскіх бойняў. Да гэтага перыяду дзейнасці Таварыства адносіцца вельмі прадукцыйнае развіццё сельгасячэек, якія аб’ядноўвалі фермераў Меншчыны. Падобныя Таварыствы былі створаны ў Гродне, Віцебску, Магілёве, з якімі Эдвард Вайніловіч падтрымліваў цесныя стасункі. З 1906 года ён з’яўляўся сябрам Дзяржаўнага савета Расейскай імперыі. Акрамя таго, займаў пасады ў шматлікіх дзяржаўных і грамадскіх установах Менскай губерніі. 35 год быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета, дапамагаў працавітым бедным сялянам, засноўваў земляробчыя банкі і дзіцячыя прытулкі. На пачатку ХХ стагоддзя ўдзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху. Вайніловіч будаваў святыні для розных рэлігійных канфесій. У Макранах і Цімкавічах – каталіцкі касцёл і праваслаўную царкву, а ў Клецку – сінагогу. Ён дапамагаў і мусульманам, бо лічыў, што кожны чалавек у сваёй святыні на зямлі славіць Бога на небе.
Эдвард Вайніловіч свае апошнія гады пражыў у Польшчы. Разруха ва ўсёй Еўропе пасля Першай сусветнай вайны, бясконцая плынь бежанцаў не пакінула яго абыякавым. Эдвард будуе ў Быдгашчы шматпавярховы дом для дзяцей-сірот, апякуецца над імі да канца свайго жыцця. Памёр Вайніловіч 16 чэрвеня 1928 года. Праз 78 год з Польшчы ў Беларусь перавезлі астанкі Эдварда Вайніловіча і пахавалі ў нішы Чырвонага касцёла. Нарэшце было выканана яго апошняе жаданне, якое ён выказаў перад смерцю.
Імя Эдварда Вайніловіча носіць адна з вуліц Менска. Эдвард Вайніловіч тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе – дэпутат Дзяржаўнага Савета Расеі ад Менскай губерніі. Сам Пётр Сталыпін, які за здольнасці і рэфарматарскія адносіны да працы называў Вайніловіча “Менскім Бісмаркам”, прапанаваў яму заняць у сваім урадзе пасаду віцэ-прэм’ера сельскай гаспадаркі Расейскай імперыі. Але Эдвард прыклаў намаганні для падняцця эканомікі свайго краю і адмовіўся ад прапановы.
Беларускае Радыё Рацыя