Павел Мацукевіч: Лукашэнка не збіраўся выпускаць палітвязняў



12 кастрычніка ў парламент Беларусі паступіў закон пра амністыю, яго накіраваў туды асабіста Лукашэнка. Аднак у гэтым праекце нічога няма пра палітзняволеных, якія знаходзяцца ў беларускіх калоніях і турмах.

Пра праект закона аб амністыі выказвае сваё меркаванне былы дыпламат, старэйшы даследчык „Цэнтра новых ідэй”  Павел Мацукевіч:

– Гэтае рашэнне знаходзіцца толькі ў руках аднаго чалавека і залежыць ад яго настрою. Ён можа “ўстаць не з той нагі” і перадумаць наконт учорашняга рашэння. Няма падстаў думаць, што ён збіраўся кагосьці выпусціць, але разам з тым, калі праводзіў нараду, спрабаваў выглядаць міласэрным. Магло ўзнікнуць адчуванне, што ён сапраўды збіраецца кагосьці выпускаць. Я думаю, што ў выніку, магчыма, ён не ўбачыў той рэакцыі, на якую разлічваў. Магчыма, ён не ўбачыў унутры беларускага грамадства і за межамі.

Павел Мацукевіч таксама лічыць, амністыяй у Беларусі не зацікавіліся і прадстаўнікі Захаду:

– Магчыма, чакаў, што на яго “міласэрнасць” адгукнецца Захад, праявіць да гэтай тэмы інтарэс. Але Захад да гэтай тэмы не праявіў інтарэсу, не праявілі і беларускія дэмакратычныя сілы, сталі казаць, што ўлада павінны выпусціць усіх адначасова, што не можа быць ніякага гандлю і гэтак далей.

Былы дыпламат заўважае, што пра ніякі гандаль палітзняволенымі зараз не можа быць ніякай гаворкі. 

Беларускае Радыё Рацыя