Чырвоны касцёл у Менску застанецца касцёлам



У Менгарвыканкаме адбылася сустрэча прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, на якой была абмеркавана актуальная сітуацыя парафіі святога Сымона і святой Алены ў Менску.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў заклапочанасць не толькі тым, як будзе выглядаць перанясенне рухомых рэчаў, але і тое, дзе яны будуць захоўвацца. Іерарх таксама звярнуўся да кампетэнтных уладаў з просьбай аб выдзяленні памяшкання ў межах парафіі, дзе часова можна б было здзяйсняць набажэнствы і арганізаваць парафіяльнае жыццё. Была выказана просьба аб уключэнні касцельнага прадстаўніка ў склад камісіі для даследавання пашкоджанняў, якія ўзніклі ў выніку ўзгарання і для правядзення рамонтных прац. Таксама ўнесена прапанова для стварэння на высокім узроўні двухбаковай рады для вырашэння і абмеркавання пытанняў, звязаных з рамонтам і рэканструкцыяй.

У сваю чаргу дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан акрэсліў план прац па ліквідацыі наступстваў узгарання ў Чырвоным касцёле і па правядзенні маштабнага рамонту, каб прадухіліць падобныя здарэнні ў будучым. Паводле Кохана, паколькі працы прадугледжаны ва ўсёй святыні, знаходжанне ў ёй немагчымае.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак падкрэсліў, што «гэта — касцёл і ім застанецца, толькі цяпер мы павінны канструктыўна спрацавацца, каб правесці рамонт».

Беларускае Радыё Рацыя