Віталь Цімошчанка пра Першы з’езд беларусаў Чэхіі
22-га кастрычніка ў Празе распачне сваю працу Першы з’езд беларусаў Чэхіі, які пройдзе пад патранатам мэра чэшскай сталіцы. Аргкамітэт запрашае да ўдзелу ўсіх беларусаў і беларусак, якія стала пражываюць у Чэхіі.
Вольга Сямашка пагутырала з суарганізатарам буйнога беларускага з’езду, сябрам суполкі „Пагоня”, Віталём Цімошчанкам пра тое, якая галоўная праблема ў беларусаў Чэхіі, як мясцовыя ўлады спрыяюць беларускай справе і чаму менавіта зараз у Празе збіраецца Першы з’езд беларусаў:
– Думка з’явілася ўжо даўно. Наша суполка мае найдаўжэйшую гісторыю, мы фактычна з пачатку 2000-х гадоў функцыянуем, але афіцыйна крыху пазней. У Чэхію беларусы з’язджалі ў савецкія часы, а потым у 90-я гады былі такія хвалі міграцыі беларусаў. Гэта адбывалася пасля кожных выбараў, амаль пасля кожных выбараў былі рэпрэсіі. Беларусы наязджалі хвалямі. Натуральна, калі беларусаў становіцца болей, то яны становяцца дыяспарай і з’яўляецца актыўнасць. Пасля падзей 2020 года, пасля гэтых шалёных рэпрэсій, яшчэ больш павялічыліся эміграцыйныя хвалі і колькасць беларусаў павялічылася. У свеце апошніх падзей, канешне вайны, якую развязала Расея супраць Украіны, беларусы фактычна патрапілі паміж двух агнёў. Афіцыйна Лукашэнка саўдзельнік агрэсіі і беларусы патрапілі не ў дужа добрую сітуацыю. Узнікла думка арганізаваць з’езд, гэта думка насамрэч даўно лётала ў паветры. Пару месяцаў таму была сустрэча арганізацый, прадстаўнікоў арганізацый такіх, якія яшчэ функцыянуюць у Чэхіі. Мы хочам узняць на з’ездзе тэматыку беларусаў, з якімі праблемамі судакранаюцца беларусы, калі з’язджаюць за мяжу. Мы, як старая дыяспара, можам больш эфектыўна вырашаць праблемы беларусаў. Усе пагадзіліся, што варта арганізоўваць з’езд. Мы стварылі аргкамітэт, у які ўвайшлі ўсе функцыянуючыя арганізацыі, якія яшчэ дзейсныя. Вырашылі, што мы запросім прадстаўнікоў дыяспары незалежна ад таго, адносяцца яны да нейкай арганізацыі ці не. Можна проста зарэгістравацца на адмысловым форуме, стаць дэлегатам з’езду і ўдзельнічаць у з’ездзе, дзе будуць уздымацца праблемы.
З „Госцем Рацыі” – Віталём Цімошчанкам, суарганізатарам Першага з’езду беларусаў Чэхіі, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае радыё Рацыя