„Тры сястры”



Не было дня, пачынаючы з 24 лютага, каб войскі РФ не абстрэльвалі прыгранічныя вёскі на поўначы Украіны.

Вядома, інтэнсіўнасць і маштаб наступстваў розныя: ад пяці да пяцідзесяці „прылётаў” з мінамётаў і ствольнай артылерыі. Адзін раз ворагі „дэнацыфікавалі” цэлы статак кароў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Апроч удараў па сельскіх хатах, адбываюцца ўдары і па чалавечых перакананнях, бо да мяжы з Расеяй і Беларуссю ўсяго некалькі сотняў метраў. А гэта значыць, што тых, хто па тым боку, нельга назваць чужымі. На Чарнігаўшчыне ёсць унікальнае сяло Сянькоўка, размешчанае на мяжы адразу трох дзяржаў – Украіны, Беларусі і Расеі.

Там, на стыку межаў, усталяваны манумент “Тры сястры”, які створаны прадстаўнікамі сумежных абласцей – Чарнігаўскай, Гомельскай і Бранскай – у гонар сяброўства трох народаў. Цяпер гэты манумент знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, якую ў РФ называюць „новай хваляй апаганення помнікаў агульнай гісторыі”. Украінцы рады б «апаганіць» экспрэс-метадам, то бок папросту дэмантаваць, але для захавання законнасці спачатку неабходна зняць манумент з уліку. Гэта вам не Леніна ў 2014 годзе абезгаловіць! У першы месяц вайны па вуліцах Сянькоўкі ішлі расейскія танкі. І амаль восем месяцаў мясцовыя жыхары не могуць прывыкнуць, што ў іх цэляцца з сёлаў, дзе ў кожнай украінскай сям’і ёсць сваякі.

Як кажуць, той туды ажаніўся, той – сюды. І мовы змешаныя. Акупанты былі ўпэўненыя, што іх будуць сустракаць хлебам-соллю. А мясцовыя жыхары верылі, што па абодва бакі мяжы – сябры. Але ў адным з бакоў, як аказалася, памыліліся.

Беларускае Радыё Рацыя