Мінфін Беларусі хоча плаціць па знешніх пазыках у беларускіх рублях



У Міністэрстве фінансаў Беларусі пракаментавалі заяву Сусветнага банка аб пераводзе пазык, прадастаўленых Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця Рэспубліцы Беларусь, у статус неабслугоўваных у сувязі з неатрыманнем належных плацяжоў. У Мінфіне прапануюць плаціць па даўгах беларускімі рублямі.

„Цяпер у дачыненні да Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца плацежным агентам Урада Рэспублікі Беларусь, з боку ЕЗ і ЗША уведзены санкцыйныя абмежаванні, якія не дазваляюць праводзіць разлікі ў еўра і доларах ЗША”, – тлумачаць праблему з плацяжамі беларускія чыноўнікі.

Яны нагадваюць, што гатовыя выконваць абавязкі, але могуць плаціць па даўгах толькі ў беларускіх рублях. Такое права ім даў Лукашэнка сваім указам.

„Гэтым дакументам прадугледжаны часовы парадак выканання абавязацельстваў па знешніх дзяржаўных пазыках, прыцягнутых ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Паўночнага інвестыцыйнага банка, у беларускіх рублях”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінфіна.

З красавіка па кастрычнік Мінфін пералічваў плацяжы на асобны бягучы рахунак у беларускіх рублях, адкрыты ў ААТ „ААБ Беларусбанк”, але гэтыя грошы ніхто не захацеў забіраць.

„Магчымасць пагашэння даўгавых абавязацельстваў у замежнай валюце ў стандартным парадку цяпер абмежавана з прычыны дзеяння санкцый у адносінах да Рэспублікі Беларусь”, — упэўнены ў Мінфіне.

reform.by