Агляд прэсы: Калі няма згоды



Чаму Беларусь пакуль не імкнецца да больш цеснага ваеннага партнёрства з Расеяй. ЭЗ выступае за сумесную закупку газу. Балгарыя: зноў без кабінета? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь можа набліжацца да больш актыўнага ўдзелу ў вайне Расеі ва Украіне. Лукашэнка нядаўна абвясціў, што войскі Беларусі і Расеі сфарміруюць новую сумесную рэгіянальную групоўку ля мяжы Беларусі і Украіны. Лукашэнка назваў гэты крок апраўданым, каб абараніць Беларусь ад нападу Украіны. Ён заявіў, што да гэтага Кіеў падштурхоўваюць прыхільнікі Украіны на Захадзе», – паведамляе брытанскае выданне  The Conversation.

«Ёсць прыкметы таго, што Лукашэнка ўсё яшчэ ўзважвае рашэнне, і на гэта ўказвае дынаміка ўнутранай палітыкі ў Беларусі, якая мусіць супраціўляцца да апошняга, што выгодна нават для Лукашэнкі. Супрацоўніцтва рэжыму ў Беларусі з самага пачатку было жыццёва важным для ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне. Ператварэнне Беларусі ва ўдзельніка баявых дзеянняў можа выклікаць масавыя пратэсты, якія ўнясуць узрушэнні ва ўнутранае палітычнае асяроддзе, якое Лукашэнка, здаецца, імкнецца захаваць у спакоі. Таксама не выключана, што беларускія вайскоўцы здадуцца ў палон ці нават пяройдуць на бок пры першай магчымасці. Гэтыя нядаўнія крокі сведчаць пра тое, што Лукашэнка, магчыма, усё яшчэ імкнецца наладзіць адносіны, як унутры краіны, так і за мяжой, якія робяць яго менш залежным ад Масквы, і гэта, безумоўна, выключае магчымасць размяшчэння войскаў ва Украіне», – рэзюмуе міжнародное выданне.

Для ажыццяўлення ўдараў па Кіеве і іншых украінскіх гарадах расейская армія ўсё часцей выкарыстоўвае робаты-дроны-камікадзэ, абсталяваныя магутнымі боепрыпасамі. Пастаўляе Расеі гэтыя дроны, мяркуючы па ўсім, Іран, хаця той гэта і адмаўляе. Еўрапейская прэса разважае пра тое, якія наступствы можа мець прымяненне Масквой іранскіх дронаў падчас ваенных дзеянняў. А Украіна разлічвае на падтрымку Ізраіля. Дацкая газета Jyllands-Posten мяркуе, што канфлікт будзе толькі паглыбляцца.

«Пакуль што ізраільскі ўрад трымаўся ў баку ад канфлікту – з-за асцярогі за бяспеку габрэяў у Расеі. Аднак выкарыстанне Расеяй іранскіх дронаў дазволіць Тэгерану пашырыць свой вопыт і напрацоўкі адносна гэтай смяротнай зброі. Менавіта таму, зыходзячы з меркаванняў уласнай бяспекі, Ізраіль можа таксама апынуцца зацікаўленым у тым, каб пашырыць свой досвед і ўменне ў справе процідзеяння дронам сродкамі СПА. Прынамсі так піша газета Jerusalem Post. Паводле паведамленняў цэлага шэрагу ізраільскіх СМІ, украінскі ўрад звернецца да Ізраілю з просьбай перадаць Кіеву сістэмы СПА», – прагназуе дацкае выданне.

У аўторак Еўракамісія прадставіла свае прапановы па зніжэнні коштаў на газ. Згодна з ініцыятывай, у будучыні не менш як 15 працэнтаў імпартуемага краінамі ЕЗ газу павінны будуць паступаць у рамках сумесных закупак. Акрамя таго, прапануецца ўзгадніць свайго роду верхнюю коштавую мяжу для еўрапейскай газавай біржы TTF. Аглядальнікі знаходзяць гэтыя прапановы палавіністымі і ўскладаюць частку віны на заможныя краіны, у першую чаргу – Германію. «Сумесная закупка газу ў памеры 15 працэнтаў – гэта кропля ў моры», – лічыць нямецкае выданне tagesschau.de.

«ЕЗ, які прэтэндуе на званне гандлёвага гіганта, сам ператварае сябе ў гнома. Пастаўшчыкі газу ад такога падыходу выйграюць, а вось спажыўцы – наадварот. Бо ў плане высокага кошту на газ тут, верагодна, мала што зменіцца. Тым не менш: усё ж гэта магло б стаць нейкім, няхай і сімвалічным, крокам, зрабіўшы які Еўропа прадэманстравала б, што ва ўмовах цяперашняга беспрэцэдэнтнага энергетычнага крызісу яна ўсё ж здольная дзейнічаць скаардынавана і разам. А да гэтага часу падобнага не назіралася. Наадварот: кожная краіна спрабавала ў адзіночку атрымаць для сябе максімальную выгаду: нехта больш удала, а нехта – менш. І благі прыклад усім падала менавіта Нямеччына», – наракае нямецкае выданне.

2-га кастрычніка Балгарыя абрала новы парламент – ужо чацвёрты раз за два гады. Ніводнаму з лагераў не ўдалося займець большасці, а стварэнне кааліцый, якія выходзяць за рамкі звыклых камбінацый, ніяк не ссунецца з месца. Калі партыі не справяцца з задачай фармавання ўрада, прэзідэнт зноў распусціць парламент і прызначыць часовы ўрад, які будзе кіраваць краінай да наступных выбараў. Аглядальнікі не на жарт занепакоеныя.

«Калі з прычыны адсутнасці ўрада будзе распушчаны і парламент, то гэта абярнецца вельмі суровымі наступствамі для краіны», – піша газета Труд.

«У эканамічна моцнай Італіі, у якой урадавыя крызісы таксама ў парадку рэчаў, парламент у такіх выпадках працягвае працу. Таму Італія і атрымала другі транш мільярднай дапамогі ў рамках праграмы падтрымкі кан’юнктуры і развіцця, у той час як у Балгарыі да канца года няма ніякіх шанцаў на атрыманне гэтых грошай. Гэтак жа сама, як нам не свеціць і атрыманне крэдытаў ад ЕЗ, якія належылі б нашай краіне да 2029 года, і за якія трэба было б плаціць толькі сімвалічныя працэнты. Тое ж самае, у дачыненні да далейшых субсідый ад ЕЗ у памеры амаль 30 мільярдаў еўра», – адзначае балгарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя