Тамаш Суліма: А што зрабіла дзяржава, каб утрымаць спадчыну літоўска-рускую, а не маскоўскую?



Старшыня Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы Тамаш Суліма ў эфіры Радыё Рацыя распавёў пра сваё стаўленне да білбордаў з надпісамі „Я – праваслаўны паляк, а не рускі”, якія не так даўно з’явіліся на Падляшшы і паразважаў, чым можа скончыцца паланізацыя праваслаўнага Падляшша.

– Я, канешне, беларус, гістарычна мая спадчына безумоўна літоўска-руская, але пры тым не маскоўская. Такая мая пазіцыя.

– У Беластоку стартавала білбордавая кампанія, з’явіліся вялікія білборды „Я – праваслаўны паляк, а не рускі”. Што думаеш пра гэтую акцыю?

– Канешне, калі глядзіш на вялікіх білбордах твары людзей, першыя думкі, што неўзабаве выбарчая кампанія і дзеля таго яны паўсталі, каб людзі паглядзелі. Так, збольшага маладыя людзі, дзевяностага года нараджэння, малодшыя за мяне, яшчэ адзін бацюшка толькі ён пра сябе не можа сказаць, што ён паляк. Гэта проста бацюшка з Грэцыі. Акцыя прымеркавана, скажам так, да дыскусіі пра прэдэнтычнасць, тоеснасць, якая ідзе ўжо шмат гадоў у Польшчы, на Беласточчыне, праваслаўныя маладыя людзі хто яны насамрэч. І вось тут пытанне пра гэтыя карані і пра гэты момант выкарыстання палітычнага, я лічу, бо ідзе вайна.

– Арганізатары гэтай акцыі кажуць, што такім чынам яны аспрэчваюць, што нас могуць атаясамліваць з „рускім мірам”, нас – цябе, мяне, тут шмат жыхароў Беласточчыны, у якіх якраз беларускія і праваслаўныя карані. Тым часам, я гэтыя плакаты інакш успрымаю, я там нічога не бачу пра „рускі мір”, а шматгадовае змаганне за тоеснасць праваслаўнага насельніцтва на Падляшшы, не ведаю ці пагодзішся са мной.

– Так, ідзе хваля таго пакалення, у якіх бабулі ўжо не жывуць на вёсцы, яны ўжо гарадскія. І тут трэба ставіць пытанне, што царква зрабіла ў той бок утрымання нейкай тоеснасці ў пласце культуры, а што зрабіла дзяржава, каб утрымаць тую спадчыну літоўска-рускую, а не маскоўскую. Я таксама лічу акцыю на карысць усё ж такі стаўлення крамлёўскага, тут няма адрознівання або ты паляк, або ты проста рускі, няма тут месца для сённяшняй беларускасці, украінскасці. Мне таксама і крыўдна, таму што няма праваслаўя ў гісторыі Польшчы без літоўска-рускай спадчыны, гэта непаразуменне проста.

– Арганізатары кажуць, што праваслаўе грэцкае і спасылаюцца на місію яшчэ святых Кірыла і Мефодзія на польскія землі.

– Канешне, так яно і было. Але тут нельга забываць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, княства Галіцка-Валынскага, гэта ўсё было на тэрыторыі сённяшняй Польшчы і тут нашы карані, нельга забываць пра гэтыя карані ці гэта нам падабаецца ці не. Я бы не адрэзваў свае карані, бо ўлады ў Польшчы спасылаюцца на шматкультурную гісторыю Рэчы Паспалітай. І тут канешне няведанне гісторыі, але і таксама, я думаю, праблема вызначыць сваю тоеснасць, паколькі ўсе мы нарадзіліся ў Польшчы і вось тут я не бачу адмысловай акцыі сярод святароў нават нашай царквы, каб устрымаць гэтую асіміляцыю паланізацыю, таму што яна вядзе да таго, што палякі будуць глядзець на праваслаўных з нейкім падазрэннем.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя