Выказваў здагадку пра магчымае выпрабаванне нейтроннай зброі ў Беларусі



Пазнаёміцца з жыццём і творчасцю знакамітага пінскага фатографа, эколага і краязнаўцы Аляксея Дуброўскага запрашае Пінская гарадская бібліятэка. Цэлы год у рэгіёне праходзяць мерапрыемствы ў яго памяць, у сувязі з тым, што якраз адзначаюцца 70-ыя ўгодкі нараджэння краязнаўцы.

У бібліятэцы ўжо адбыўся вечар памяці Дуброўскага, і працуе экспазіцыя з матэрыяламі краязнаўцы. “Яшчэ ў савецкія часы, ён асудзіў меліярацыю Палесся і пачаў расследаванне выпрабавання ў краіне ядзернай зброі”, – узгадвае літаратар Павел Ляхновіч.

– Ён расказваў, што праводзіў замеры радыёактыўнасці яшчэ да Чарнобыльскай аварыі, і тут у некаторых мясцінах яна была ўжо тады павышаная. Ён выказаў меркаванне, што былі тут на Палессі выпрабаванні нейтроннай зброі. Такое адкрыццё для свету, што тут рабілася маскоўскімі ўладамі. Хаця, канешне, гэта не пацверджана, але хто зараз можа пацвердзіць такія рэчы. Гэта можа пройдзе не адзін дзясятак гадоў, калі адкрыюцца сакрэтныя архівы і даведаемся, ці сапраўды гэта было.

Па выніках расследавання Аляксей Дуброўскі выдаў рэдкую кнігу “Палігон”. У 90-ыя гады ён быў дэпутатам Пінскага гарадскога савету. Аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі ды гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім і замежным друку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя