Піт Паўлаў: Культура заўсёды вышэй за палітыку



17-га кастрычніка ў Беластоку адбылося ўрачыстае адкрыццё новага сезону курсаў беларускай мовы „Мова Нанова”. Ганаровым госцем вечара стаў беларускі музыка, удзельнік гуртоў N.R.M., Pete-Paff, Garadzkija Піт Паўлаў, які спецыяльна прыехаў з Варшавы, дзе зараз працуе на Польскім тэлебачанні. Музыка прадставіў сваю новую праграму „Зброя. Золата. Кабеты” і падзяліўся ўражаннямі ад Крынак, у якіх нядаўна пабываў у гасцях у Лявона Тарасэвіча.

Вольга Сямашка пагутарыла з музыкам і культурніцкім дзеячом Пітам Паўлавым пра тое, ці проста прасоўваць беларускую культуру на польскім тэлебачанні, у чым адчуваецца беларускасць памежжа і да чаго варта рыхтавацца беларусам, якія трапілі ў Польшчу з прычыны палітычнага крызісу на Радзіме:

– Я ўпершыню ў Крынках, усё жыццё чуў пра Крынкі, але там ніколі не быў. Сакрата я памятаю калі мы яшчэ толькі пачыналі ездзіць на „Басовішча”, ён прыязджаў. Чытаў ягоныя артыкулы і крытыку. Я ведаў, як да яго ставяцца нашыя людзі, у Польшчы як да яго ставяцца. Гэта была такая вельмі ўплывовая фігура, можна нават сказаць культавая. Калі я пачуў, што ў Крынках у Лёніка Тарасэвіча будзе выстава, то сказаў: „Паеду”. Напісаў навіну для польскага тэлебачання, што Лявон Тарасэвіч ладзіць выставу. „Дык гэта хіба беларуская?”. „Яшчэ якая беларуская!”. Сеў у машыну і прыехаў да яго.

Мяне вельмі моцна ўразіла выстава, проста вельмі моцна. Яна мае назву „Exodus” (Сыход). Яна прысвечана сыходу беларусаў са сваёй Радзімы, перадусім у Польшчу. Ён так арганізаваў прастору ў гэтай галерэі, што столь была пад такім вуглом, што калі я ўвайшоў, то мне падалося, што яе няма, што нада мной бясконцы белы туман. Я ўбачыў сусвет, толькі светлы. Потым я зразумеў, што яна наадварот вельмі нізкая, такога аднароднага колеру. У куце, там дзе мусіць вісець ікона, вісела ікона, але перакуленая дагары нагамі. Ён апісаў канцэпцыю гэтай выставы, што так сябе адчувае чалавек, які пераехаў у новую краіну. Ён сябе адчувае вельмі няўпэўнена, вельмі няўтульна, бо звычайная прастора выглядае звычайнай. Мне падалося, што гэта даволі трапнае акрэсленне гэтага стану. Нават на падыходзе да будынку было бачна, што гэта штосьці надзвычайнае. Ён выкарыстаў колер, які сам Лёнік апісаў, што звычайна такім колерам людзі, калі прыязджаюць з вёскі ў горад, фарбавалі сабе драўляныя часткі вокнаў або грубку. Блакітны, такі лазурны колер, ён нагадваў ім гэтую ўтульнасць з хаты. Ён скардзіўся, што сучасныя фірмы не знайшлі гэтага колеру, не ў стане яго зрабіць.

У Крынках сустрэўся з невялікай колькасцю людзей, якія размаўлялі на літаратурнай беларускай мове. Звычайныя людзі, майго ўзросту і крыху старэйшыя размаўляюць на літаратурнай беларускай мове. Я чую, такая дзіўная рэч, па-беларуску яны размаўляюць натуральна, вельмі прыгожа, але каб выглядаць яшчэ большымі беларусамі яны ўстаўляюць расейскія словы. Вось гэтыя расейскія гучаць з акцэнтам, гэта даволі смешна. Там былі крыху старэйшыя кабеты, якія кармілі, яны паміж слабой размаўлялі на беларускай мове. Гэта было як тры настаўніцы школы, такая мова. Сябры, якія нас прымалі, яны размаўлялі па-беларуску.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Лёнік Тарасэвіч і Піт Паўлаў у Крынках.

З „Госцем Рацыі” – музыкам Пітам Паўлавым, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя