Агляд прэсы: спраў па горла
Ракавы саюзнік Беларусі. Зімовае наступленне Пуціна. Швецыя: чаго чакаць ад новага ўрада? Ці зможа ЕЗ дамовіцца аб абмежаванні коштаў на газ? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Украінскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва відавочна разышлося з заходнімі выведкамі ў ацэнцы сітуацыі на беларускай мяжы. Яно відавочна ўстрывожанае перспектывай новага ўдару расейска-фашысцкіх захопнікаў з боку Беларусі з непасрэдным удзелам войска менскага ўзурпатара», – піша расейскае незалежнае выданне Graniru.
„Справа ў тым, што заходнія аналітыкі ацэньваюць сітуацыю з чыста ваенна-тэхнічнага пункту гледжання, зноў выпускаючы з-пад увагі яе палітычны складнік. Новыя расейскія атакі з тэрыторыі Беларусі могуць у рэшце рэшт прымусіць Украіну да ўдараў у адказ па гэтай тэрыторыі. І тут вяртляваму менскаму Тараканішчу будзе ўжо не адкруціцца. Ён становіцца непасрэдным удзельнікам узброенага канфлікту. Дапусцім, карысці ад яго ваярства на полі бою будзе няшмат. Затое Пуцін канчаткова звяжа яго з сабой. Уцягваючы ў баявыя дзеянні такія краіны, як Іран і Беларусь, Пуцін выбудоўвае сваю «міжнародную кааліцыю», надаючы «канфлікту» усё больш выразныя абрысы супрацьстаяння ліберальнага і антыліберальнага «сусветных палюсоў», паміж якімі ўсім астатнім рана ці позна давядзецца выбіраць. Ён спадзяецца, што логіка барацьбы прымусіць далучыцца да яго тыя аўтарытарныя рэжымы, якія пакуль што спрабуюць лавіраваць. Пакуль Захад ухіляецца ад ужывання ўласнай узброенай сілы, Пуцін можа бесперашкодна падвышаць стаўкі, падводзячы свет да краю, за якім пытанне будзе стаяць так: ці прызнанне анексіі хаця б дэ-факта ці расейскі ядзерны ўдар па ЗША. Уцягванне беларускага дыктатара ў адкрытыя ваенныя дзеянні, якія суправаджаюцца лямантамі аб тым, што на яго напала НАТА – гэта пераход на чарговы віток спіралі эскалацыі. Дзеля такога палітычнага выніку не шкада ахвяраваць некалькімі базамі на тэрыторыі Беларусі і некаторай колькасцю жыццяў расейскіх і беларускіх салдат, якія загінуць ад ўкраінскага ўдару», – з горыччу адзначае расейскае выданне.
«Украінскія поспехі на полі бою сутыкнуліся з шырока чаканай расейскай эскалацыяй і мабілізацыяй. За апошнія тыдні расейская армія пацярпела шэраг няўдач з-за недахопу дастатковай колькасці жывой сілы, каб абараніць велізарную тэрыторыю, нядаўна анэксаваную Масквой», – паведамляе міжнароднае выданне Eurasiareview.
«Вайна Расеі ніколі не была разлічана на захоп і акупацыю вялікіх участкаў тэрыторыі Украіны. Гэта была паліцэйская аперацыя, накіраваная на выяўленне і ліквідацыю ўкраінскіх сіл, якія быццам «бамбілі і забівалі этнічных расейцаў», якія пражывалі на ўсходзе Украіны. Расейскія крытыкі разглядаюць недакамплектаванасць як прыкмету ваеннай некампетэнтнасці, але насамрэч Масква проста прыстасоўваецца да зменлівай сітуацыі, у якой абодва бакі працягваюць павышаць стаўкі. Яны не змогуць весці шматгадовую кантынентальную вайну супраць праціўніка. Неабходна большае разгортванне сіл. Расея павінна стварыць неаліберальную армію жорсткай эканоміі на базе ўсё той жа палітычнай мабілізацыі. Хуткасць, з якой Пуцін анэксаваў чатыры рэгіёны Украіны, сведчыць пра тое, што сапраўдная мэта дзеяння выходзіць далёка за межы пашырэння заходняй мяжы Расеі. Сапраўдная прычына, па якой Пуцін паспешліва прыняў гэтую меру, заключалася ў тым, каб фундаментальна змяніць правілы ўзаемадзеяння ў свеце. Расея збіраецца для зімовай эскалацыі і наступлення, і ў цяперашні час вядзе пралічаны гандаль, у якім яна саступае месца ў абмен на час і страты Украіны. Новая тэхніка працягвае з’язджацца ў Белгарад, Запарожжа і Крым. Расея заклала аснову для больш шырокага і жорсткага канфлікту. Былі прызваны 300 000 рэзервістаў, велізарная колькасць ваеннай тэхнікі адпраўляецца на фронт, і грамадская думка ў пераважнай большасці падтрымлівае ваенныя намаганні. Усе прыкметы паказваюць на значную эскалацыю баявых дзеянняў, якая пакіне большую частку Украіны ў руінах, адначасова падштурхоўваючы Вашынгтон і Маскву да прамога сутыкнення», – выбудоўвае агульную карціну міжнароднае выданне.
Пасаду кіраўніка шведскага ўрада заняў Ульф Крыстэрсан, старшыня Умеранай кааліцыйнай партыі. Кансерватыўная кааліцыя, якую ўзначальвае Крыстэрсан, мае намер цесна супрацоўнічаць з правапапулісцкай партыяй «Шведскія дэмакраты». Кропкамі судотыку абедзвюх партый з’яўляюцца перш за ўсё такія тэмы, як міграцыя і барацьба са злачыннасцю. Аглядальнікі не хаваюць сваёй трывогі. «Новы ўрад робіць з мігрантаў казлоў адпушчэння», – абураецца шведская газета Dagens Nyheter.
«Паслухайце Ульфа Крыстэрсана, прыслухайцеся да таго, што ён кажа. Штораз ён паўтарае, што іміграцыя – гэта цяжар, які разбурае Швецыю і з’яўляецца коранем усіх мажлівых і неймаверных сацыяльных праблем. Пятая частка насельніцтва Швецыі прачынаецца раніцай і задаецца пытаннем: а ці не іх канкрэтна меў на ўвазе прэм’ер-міністр? Ці не яны, часам, не павінны былі прыязджаць у Швецыю, ці не на іх адрас накіраваныя ўсе кампаніі па дэпартацыі і рээміграцыі? Гэта – агрэсія на самым высокім палітычным узроўні, гэта – агрэсія, якая гатовая знішчаць людзей», – папярэджвае шведскае выданне.
Еўразвяз не змог дамовіцца аб абмежаванні коштаў на газ. Прапанаваны пакет мер па барацьбе з энергакрызісам так і не быў прыняты па выніках пасяджэння лідараў краін. Удзельнікі толькі ўзгаднілі «дарожную карту». Калі Францыя, Італія і Польшча падтрымліваюць меру па абмежаванні коштаў, дык Нямеччына і Нідэрланды супраць. Сусветныя СМІ зазначаюць, што на гэтым тыдні адбудзецца чарговая сустрэча краін ЕЗ. Аднак і яна можа скончыцца безвынікова. «Гэтыя перамовы еўрапейскіх лідараў доўжыліся каля дзесяці гадзін і завяршыліся толькі позна ўначы», – адзначае нямецкая газета Der Spiegel.
«Пры гэтым кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен адзначыла жаданне прыйсці да агульнага рашэння энергетычнага пытання. А вось пазітыў нямецкага канцлера Олафа Шольца больш стрыманы. «Мы сабраліся разам – гэта добры знак салідарнасці», – заявіў палітык. Дэталі магчымых абмежаванняў да гэтага часу незразумелыя. Краіны толькі дамовіліся распрацаваць меры па стрымліванні кошту газу. У прыватнасці, размова ідзе аб механізме сумеснай куплі краінамі паліва ў першую чаргу ў так званых надзейных краін, а таксама аб наглядзе за аптовымі цэнамі. Аднак галоўны камень спатыкнення – гэта столь кошту газу», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя