Трэці падзел Рэчы Паспалітай: Факты, пра якія вы маглі не ведаць
24 кастрычніка 1795 г. адбыўся Трэці падзел Рэчы Паспаслітай паміж трыма дзяржавамі: Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Канвенцыя аб канчатковым зацвярджэнні падзелу межаў была падпісана ў Пецярбургу ў 1797 г., сакрэтны артыкул канвенцыі кажа:
„Абодва імператарскія двары і яго вялікасць Кароль Прускі прызналі неабходным знішчыць усё, што магло наводзіць на думку аб існаванні Рэчы Паспалітай. Паколькі знішчэнне гэтага палітычнага цела было завершана, высокія станы, заключаючы дагавор, пастанавілі і абавязваюцца адносна трох двароў не ўключаць у назву і супольную назву Рэчы Паспалітай альбо Каралеўства Польскага, якія з гэтага часу будуць выдаленыя назаўжды. Але нашыя дзяржавы будуць вольныя выкарыстоўваць частковыя тытулы, якія належаць да суверэнітэту розных правінцый гэтай дзяржавы, якія трапілі пад іх уладу.”
Прусія павялічыла сваю тэрыторыю на 48 тысяч квадратных кіламетраў, на якіх пражывала каля мільёна жыхароў. Гэта былі: большая частка Мазовіі з Варшавай, частка Падляшша, літоўскія землі да ракі Нёман, а на поўдні – тэрыторыя былога Северскага княства.
Аўстрыя акупавала частку Малапольшчы паміж Піліцай і Бугам, а таксама частку Мазовіі і Падляшша. Тэррыторыя склала 47 тысяч квадратных кіламетраў, на якіх пражывала каля 1,5 мільёна чалавек.
Расея заняла большую частку літоўскіх зямель, астатнюю частку Валынскага ваяводства і частку Хелмскай зямлі, – агулам 120 тысяч квадратных кіламетраў, на якіх пражывала 1,2 мільёна чалавек.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выехаў у Гародню, дзе 25 лістапада 1795 г. абвясціў аб сваім адрачэнні, то бок датэрміновай адстаўцы з пасады караля. Памёр ён у 1798 годзе.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя