Надсан: непапраўная страта



У Лондане, на 89-м годзе жыцця памёр беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. Па словах старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, “гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага светлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за Беларусь”.

У айца Аляксандра надзвычай багатая біяграфія. Ажно цяжка адразу сказаць, які этап ягонага жыцця і якія здзяйсненні самыя галоўныя. Напэўна ён увасабляў антыбальшавіцкія, незалежніцкія памкненні беларусаў часоў Другой Усясветнай вайны. Сын настаўнікаў родам з Гарадзеі каля Нясвіжа скончыў Настаўніцкую Семінарыю, курсы кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі і афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. Падаўшыся ў эміграцыю далучыўся да руху супраціўлення ў Італіі і затым да арміі генерала Андэрса. Быў паранены і ўзнагароджаны за мужнасць.

Хваля беларускай эміграцыі першай паловы 40-х гадоў расплылася па ўсім свеце. Многія падаліся ў абедзве Амерыкі, у Аўстралію, а некаторыя засталіся ў Еўропе. Аляксандр Надсан з 1946 году да самой канчыны жыў і служыў у Вялікай Брытаніі. Там быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. У Лондане скончыў тамтэйшы Універсітэт, а пасля ў Рыме атрымаў званне магістра тэалогіі, і 1958 годзе стаў грэка-каталіцкім святаром. Быў апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы і кіраўніком каталіцкай місіі ў Вялікай Брытаніі.

Некаторыя падкрэсліваюць, што найперш Надсан быў святаром. Гэта праўда, але ён быў святаром-навукоўцам. Айцец Аляксандр пераклаў з грэцкай і славянскай на беларускую мову вялікую колькасць літургічных тэкстаў. У мяне на руках яго абшырны, амаль на 800 старонак, малітоўнік “Госпаду памолімся”, выдадзены ў 2002 годзе ў Лондане. Ён з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Пераклад з грэцкага арыгіналу на сучасную беларускую мову робіць яго асабліва каштоўным. Калі б не быў патрэбны дазвол царкоўнай улады, ім можна карыстацца і праваслаўным святарам ды вернікам. Тэксты цудоўна кладуцца пад мелодыку праваслаўных багаслужбаў і царкоўныя напевы. Гэта контраргумант для тых, якія лічаць адзінымі сакральнымі, прыймальнымі і незаменнымі царкоўна-славянскія тэксты.

Калі б Аляксандр Надсан поўнасцю прысвяціў сябе толькі свярскай службе, гэтага было б дастаткова, але ён быў яшчэ заснавальнікам і кіраўніком Бібліятэкі імя Францыска Скарыны, а таксама Музею беларускай гісторыі і культуры. Заснаваная ў 1971 годзе Бібліятэка з часам ператварылася ў міжнародны, навуковы цэнтр. Айцец Аляксандр сам імчаўся ў розныя краіны свету, набываў і карпатліва папаўняў біблятэку каштоўнымі старадрукамі, слоўнікамі, кнігамі, падручнікамі, эмігранцкімі газетамі і часопісамі. Не дзіва, што за навуковай кансультацыяй і духоўнай падтрымкай да яго ехалі ў Лондан навукоўцы з усяго свету. Айцец Аляксандр стаў чалавекам-установай. Стварыў унікальную скарбніцу беларускага слова і сам быў яе ўвасабленнем.

Я сустрэўся з айцом Надсанам усяго адзін раз на Радыё Свабода. Апошні раз размаўляў з ім па тэлефоне тры тыдні таму. Як штогод хацеў запісаць яго вялікодны роздум і віншаванні, хаця ён не здолеў запісаць і калядныя віншаванні. Не ведаў, што ён моцна занядужаў, хаця цалкам нядаўна чарговы раз прыязджаў у Менск, выступаў і адпраўляў багаслужбу. Яго цягнула на Бацькаўшчыну, і пасля краху камунізму, ад якога амаль 70 гадоў таму ўцякаў, ахвоча прыязджаў на Радзіму. Прыгадваю, што пра Новы 2015 год ён жартаўліва сказаў: «Хочацца дажыць!». У сваім папярэднім калядным пасланні ён пісаў: “Нам давялося бачыць і зведаць розныя людскія спробы зрабіць нас шчаслівымі, не пытаючы нашай згоды. Нашы “дабрачынцы”, думаюць, што ведаюць лепш за нас, што нам трэба для шчасця». Спадзюся, што айцец Аляксандр памёр шчаслівы і за Апосталам Паўлам мог сказаць: «Подзвігам добрым я змагаўся, бег закончыў, веру захаваў». Вечная яму памяць!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ