Рышы Сунак афіцыйна заступіў на пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі
Новы лідар Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі Рышы Сунак афіцыйна заступіў на пасаду прэм’ер-міністра краіны.
Ён атрымаў аўдыенцыю ў караля Карла ІІІ, падчас якой быў афіцыйна прызначаны на пасаду, яму дэлегавалі мандат на фарміраванне ўрада. Сустрэча адбылася ў Букінгемскім палацы, дзе незадоўга да гэтага Карл III прыняў адстаўку Ліз Трас, якая ўзначальвала ўрад краіны ўсяго 44 дні.
З 2020 года Сунак быў міністрам фінансаў ва ўрадзе Борыса Джонсана. Па ацэнках экспертаў, на гэтай пасадзе ён даволі паспяхова правёў Вялікую Брытанію праз пандэмію. Сёлета ў ліпені ён падаў у адстаўку, бо не пагаджаўся
з эканамічнай палітыкай Джонсана.
Рышы Сунак мае 42 гады, ён мае індыйскія карані. Стаў самым маладым прэм’ерам Вялікабрытаніі, і першым прэм’ерам – прадстаўніком этнічнай меншасці. Яго жонка – Акшата Мурці, дачка індыйскага мільярдэра.
Пара знаходзіцца на 222-м месцы ў рэйтынгу найбагацейшых брытанцаў і выхоўвае дзвюх дачок.