„Уральскія авіялініі” не паляцяць з Пермі і Екацярынбурга ў Менск



Расейская авіякампанія „Уральскія авіялініі” вырашыла пакуль не лятаць з Пермі і Екацярынбурга ў Менск. Раней паведамлялася, што палётную праграму збіраліся адкрыць з 26 кастрычніка. Цяпер пачатак рэйсаў адклалі да вясны 2023 года.

«Раней мы планавалі пачаць выкананне рэйсаў у сталіцу Беларусі з 26 кастрычніка з частатой два разы на тыдзень, аднак прыйшлося ўнесці карэкціроўкі ў маршрутную праграму. Гэта звязана з нізкім папярэднім попытам, абумоўленым бягучай геапалітычнай сітуацыяй у свеце», – заявілі ў прэс-службе.

Меркавалася, што рэйсы будуць выконваць па серадах і нядзелях на самалётах тыпу Airbus A-320.