Нашчадак князёў Святаполк-Чацвярцінскіх дапамагае дзецям беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў
Жыхар Варшавы пан Альберт – нашчадак князёў Святаполк-Чацвярцінскіх – усё сваё жыццё займаецца мецэнацтвам. Гэты высакародны чалавек дапамагае чым толькі можа ўсім, хто апынуўся ў цяжкім становішчы.
Гэтым разам пан Альберт прывёз украінскім і беларускім дзецям, якія пражываюць у варшаўскім шэлтары для бежанцаў, яблыкі і грушы, кажа кіраўніца шэлтару Ганна Федаронак:
-Гэта вельмі цудоўны чалавек. Яму 82 гады. Ён – паляк, але ён родам з Гарадзеншчыны. Пан Альберт прывёз нашым дзеткам у шэлтар некалькі скрынак яблыкаў і груш. Зайшоў да нас у госці, пазнаёміўся з дзеткамі і мамамі. Быў вельмі задаволены, што мы робім такую вялікую працу. Нам было пра што пагаварыць. Я яму вельмі ўдзячная за ягонае шчырае сэрца і за ягоную гэткую дабрыню.
Пан Альберт Чацвярцінскі – з сям´і князёў Чацвярцінскіх, якая пражывала да 1939 года у вёсцы Ліпічна (цяперашні Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласці). Пасля чарнобыльскай трагедыі і да апошніх часоў яны з сястрою Ізабэлай аказалі шмат дапамогі Жалудоцкай бальніцы, якой карыстаюцца ліпічанцы. З 2020 года дапамагае беларускім і ўкраінскім бежанцам. У Варшаве пан Альбэрт даўно заснаваў дабрачынную арганізацыю «Прамэтэуш» для падтрымкі здароўя сеньёраў.
Беларускае Радыё Рацыя