Андрэй Саўчанка пра спектакль „37-22”
„Купалаўцы” прэзентуюць новы паэтычны спектакль „37-22”. Дэбютны паказ адбудзецца ўжо на гэтых выходных на фестывалі „Бардаўская восень”.
Пастаноўкай твору займаецца рэжысёр, сцэнарыст і выкладчык Андрэй Саўчанка. Менавіта ён і распавёў нашаму радыё пра прэм’еру спектаклю, які праводзіць паралелі паміж 1937 і 2022:
РР: У вас рыхтуецца прэм’ера. Чым гэты твор адметны менавіта для вас?
– Адметнасць гэтага твора, для мяне асабіста, спадзяюся і для тых, хто ўдзельнічае ў гэтай працы, у тым, што ён ствараецца па жывому. Ягоны прынцып запазычаны ў японцаў, японскіх Рэнга. Мы ўзялі тэксты 30-х гадоў і звярнуліся да сучасных паэтаў з такой прапановай прачытаць, пачуць гэты верш і адказаць на яго сваім сучасным тэкстам. Таму тканіна тэкстаў, якія складаюцца, якія нараджаюцца, якія спалучаюцца адно з адным, ствараюць нейкі такі сусвет, у якім узнікае прастора для пачуццяў, думак, ідэй, якія звязаныя з тымі часамі, якія звязаны з сённяшнім днём, якія імкнуцца звярнуцца ў будучыню.
РР: Зараз у Варшаве ладзяцца рэпетыцыі гэтага спектаклю, наколькі проста ўсё ідзе?
– Безумоўна, простым гэта не назавеш. Мы сустракаемся з тым, што дзеля таго, каб існаваць у гэтай тэме, існаваць у гэтых тэкстах, трэба адмысловы настрой. Трэба нейкім чынам свой акторскі інструмент падрыхтаваць, таму гэта адбываецца па ходзе дзеяння, па ходзе працы. У нас абмежаваны тэрмін для жывых рэпетыцый. Але мы не шукаем нейкіх эфектаў, не шукаем чым уразіць гледача, мы хутчэй засяроджаны на тым, што адбываецца з намі пры сустрэчы, з тэкстам, адно з адным, з людзьмі каторых няма, з людзьмі, каторыя ёсць, з людзьмі каторыя будуць. Мне вельмі дорага, што акторы не падыходзяць, як выканаўцы: „Скажыце нам, што трэба зрабіць, мы зробім”. Яны спрабуюць прасякнуцца гэтым, спрабуюць адчуць унутры сябе, як гэта зрабіць. Я б сказаў прапануюць працэс і гэта мне вельмі дорага.
РР: У спектаклі зараз занятыя нашыя адметныя, выбітныя артысты. Ёсць прапанова іх крышачку прадставіць, натхніцца менавіта гэтымі людзьмі, іх удзелам.
– На днях у мяне ўзнікла такая фраза, калі мы абмяркоўвалі ўзровень задач ці ўзровень глыбіні, з якой трэба справіцца, то ўзнікала такое пытанне ці можам мы гэта зрабіць, ці ўзнікне ў гледача разуменне гэтых глыбіняў. У мяне нарадзілася такое, а да каго мне яшчэ прыйсці, калі не да вас. Хто можа яго зараз падымаць, уздымаць, хто можа несці, быць носьбітам гэтага. Таму безумоўна я ўдзячны Зоі Белахвосцік, Алегу Гарбузу, Алене Зуй-Вайцяхоўскай, Міхасю Зую, Валянціне Гарцуевай і Сяргею Чубу за тое, што яны адгукнуліся і гэты працэс ідзе.
Прэм’ера спектакля „37-22” адбудзецца 29 кастрычніка ў 19:30 у Беластоцкім тэатры лялек.
Беларускае Радыё Рацыя