Лукаш Леанюк: Фестываль – гэта трамплін у артыстычным жыцці
Пасля двухгадовага перапынку на Падляшша вяртаецца традыцыйны фестываль “Бардаўская восень”. Але вяртаецца ў новым фармаце і ў новых месцах. Пра тое, як змянілася “Бардаўская восень”, ці вернецца на фестываль ранейшы конкурс маладых выканаўцаў і якія далейшыя планы ў арганізатараў – размаўляем з нашым сённяшнім госцем Лукашам Леанюком.
РР: Праз два гады перапынку, які быў звязаны, скажам так, з аб’ектыўнымі прычынамі вяртаецца традыцыйны падляшскі фестываль, бельскі “Бардаўская восень”. Як прыйшла ідэя з гэтым вяртаннем і ці плануеце ўсё ж гэта вяртанне на многія гады?
Лукаш Леанюк: Вядома, што два гады таму адбыўся апошні фестываль, і пасля перапынку, пасля ковіду, таксама проста не мелі магчымасці як звяз “Шчыты” арганізаваць гэты фестываль. І прыйшоў Павел Станкевіч са сваёй арганізацыяй, фондам “Тутака” і прапанаваў, каб неяк рэактываваць фестываль. Тут ёсць думка на гэты фестываль, каб ён быў больш літаратурным. Маем проста музыку, і музыку бардаўскую, аўтарскую, таксама, каб гэтае слова было ў такім, напрыклад, друкаваным выглядзе як кнігі ці нават і размовы з літаратарамі.
РР: І таму з’явіўся Уладзімір Арлоў у праграме фестывалю і купалаўцы знакамітыя беларускія таксама са сваім словам, у тым ліку і з такім музычным словам.
Лукаш Леанюк: Так, музычна-тэатральным. А таксама маем сустрэчу з Уладзімірам Арловым у Гарадку. У яго новая кніга, але ён мае шмат пра што расказаць. Гэтая сутрэча будзе пад такім падляшскім ухілам. Даведаемся шмат розных рэчаў пра гісторыю Падляшша ў такім беларускім падтэксце.
РР: Я ўсё ж такі вярнуся яшчэ да “Бардаўскай восені” той ранейшай, дапандэмічнай. Раней асноўнай сцэнай быў Бельскі дом культуры, той будынак, які ўжо не існуе, бо маем новы, сучасны. І былі такія выязныя канцэрты. Усё ж такі фестываль практычна штогод суправаджаўся яшчэ такой важнай часткай – конкурснай часткай. І шматлікія выступоўцы сёлетняй “Бардаўскай восені” – той самы Яўген Барышнікаў ці Зміцер Вайцюшкевіч – гэта пераможцы конкурснай часткі “Бардаўскай восені”. Ці ёсць у планах усё ж такі вярнуцца да конкурсу, які меў вялікае значэнне ў жыцці многіх нашых творцаў?
Лукаш Леанюк: Паліна, якая будзе выступаць у нядзелю, таксама перамагла ў конкурсе ў свой час. Але гэта пытанне складанае. На пачатку хацелі мы рэактываваць “Бардаўскую восень”. Вядома, што конкурс па тэхнічных прычынах складаны, бо трэба запрасіць больш людзей, людзей з Беларусі, перадусім маладых выканаўцаў. Таму мы хацелі на пачатку засяродзіцца на гэтай галоўнай, асноўнай праграме і дапрацаваць яе так, каб гэта было цікава.
А што будзе далей? Гэта, вядома, адкрытае пытанне. І думаю, што будзем намагацца ў наступных гадах, бо не маем сумневаў, што, напэўна, у наступным годзе будзе “Бардаўская восень”. Можна разлічваць на тое, што будзе гэты конкурс. Ведаю, што маладыя людзі хочуць выступаць і ведаюць пра такі фестываль “Бардаўская восень” і тое, што гэты фестываль дае магчымасці і пасля мець такі трамплін у сваім артыстычным жыцці.
РР: Таксама звярну ўвагу, што фестываль цяпер мае шмат месцаў, шмат канцэртаў. Гэта не толькі Беласток і Бельск, гэта Гарадок і будзе яшчэ Гайнаўка. Нельга нават выбраць, дзе будзе гэты асноўны канцэрт, бо няма такога, бо кожны дзень ён іншы і, можна сказаць, важны.
Лукаш Леанюк: Так, першы дзень – пятніца – пачынаем з канцэрта ў Бельску-Падляшскім, хочам нанова прывітацца з публікай. Хацелася, каб гэта быў першы канцэрт у Бельску. Субота – гэта “Ноч расстраляных паэтаў”, і гэтая вечарына будзе прысвечаная гэтай гісторыі ў Беластоку. У нядзелю будзе канцэрт у Гарадку, але пасля ў Беластоку, і завяршэнне фестывалю. Так што будзе шмат новых рэчаў, і пабачым, ці спрацуе гэта форма і ці спадабаецца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя