Беларусы ва Украіне валанцёраць і ладзяць культурніцкія мерапрыемствы
Не толькі збіраемся супольна, але і валанцёрым дзеля перамогі Украіны. Так сваю дзейнасць характарызуюць беларусы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны і арганізуюць там культурніцкія мерапрыемствы.
Расказвае журналістка Аліна Рудзіна, якая жыве ў Львове. Іх сталая валанцёрская дзейнасць – напрыклад, збор грошай на VAC-апараты ды арыгінальныя расходныя матэрыялы для іх. Гэтым беларусы займаюцца яшчэ з вясны, тэма гучыць на кожным з мерапрыемстваў, кажа Аліна.
– У нас такая ініцыятыва, якой мы заняліся яшчэ з вясны гэтага года. Увогуле планаў шмат. І ёсць нейкая падтрымка ад мясцовых улад і ад гарадскіх. То бок, трэба проста размаўляць з людзьмі і рабіць.
Бліжэйшае мерапрыемства: Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы». Ён распачнецца 30 кастрычніка ў Львове з «Ночы паэтаў». Беларускі і беларусы Львова ладзяць паэтычна-музычную імпрэзу «Ноч паэтаў», каб аддаць пашану памяці знішчаным паэтам і пісьменнікам эпохі тэрору на тэрыторыі Беларусі і Украіны. На мерапрыемства запрашаюць у Ніжняй зале ў Тэатры лялек ва Львове.
Беларускае Радыё Рацыя