Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Лакаматыву” у КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі гасцявую паразу ад „Лакаматыва” у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Каманды абыходзіліся без закінутых шайбаў на працягу большай часткі паядынку. Адзінае ўзяцце брамкі гледачы на арэне ў Яраслаўлі ўбачылі толькі ў сярэдзіне фінальнай трэці: наперад гаспадароў вывеў Максім Бярозкін – мінімальная перамога „Лакаматыва” 1:0.

Гэта трэцяя ў апошніх чатырох матчах параза для падчаленых Вудкрафта. „Зубры” з 24 баламі працягваюць ісці на 8-м месцы ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, адставанне ад 7-га радка складае тры ачкі. Наступны матч у рэгулярным чэмпіянаце „Дынама” правядзе 2 лістапада супраць „Куньлуня” – гэтай сустрэчай мінчане завершаць выязную серыю.

„Нёман”, „Юнацтва” і „Ліда” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі

Трыма матчамі ў Віцебску, Лідзе і Гародні працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.

У двух з трох паядынкаў вечара камандам не хапіла асноўнага часу для вызначэння пераможцы. Гульцы „Ліды” і „Гомеля” пайшлі на авертайм пры ліку 3:3, у дадатковай 5-хвілінцы перамогу лідчанам прынёс Ягор Феафанаў. „Віцебск” і „Юнацтва” і зусім дагуляліся да серыі булітаў. Пасля трох перыядаў на табло гарэлі лічбы 1:1, але пасляматчавыя кідкі лепш удаліся мінчанам. У яшчэ адной сустрэчы дня „Нёман” разграміў „Магілёў” – 5:1. Пасля 21 матча сезона ў табліцы беларускай экстралігі лідыруе „Шахцёр”, на рахунку якога 32 ачкі. На бал ад „гарнякоў” адстае „Металург”, на два – „Віцебск”. Следам размяшчаюцца „Лакаматыў”, „Нёман” і „Юнацтва”: у трох каманд па 28 ачкоў.

Баскетбалісты „Менска” прайгралі „Самарэ” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Менска” пацярпелі сёмую паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. Менчукі саступілі на сваёй арэне дэбютанту гэтых спаборніцтваў „Самарэ” 68:80. Турнірную табліцу зараз узначальваюць ЦСКА і казанскі УНІКС, якія святкавалі перамогі ва ўсіх шасці праведзеных паядынках. Свой наступны паядынак менчукі правядуць 7 лістапада на сваёй пляцоўцы супраць казанскай каманды.

Шпакоўскі з-за траўмы выбыў на два месяцы

Галкіпер менскага „Дынама” Дзяніс Шпакоўскі траўмаваўся падчас матча 28 тура чэмпіянату Беларусі супраць „Іслачы” . У брамніка дыягнаставаны траўматычны задні вывіх перадплечча, паведамляе прэс-служба клуба. Аднаўленне Шпакоўскага зойме каля двух месяцаў.

Украінская асацыяцыя футбола звярнулася да ФІФА з прапановай выключыць Іран са спісу ўдзельнікаў мундыяля

Выканкам Украінскай асацыяцыі футбола правёў пасяджэнне, на якім прыняў рашэнне звярнуцца ў ФІФА датычна выключэнні зборнай Ірана ад удзелу на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары. Нагадаю, што мундыяль пройдзе з 20 лістапада па 18 снежня. Прымаючы да ўвагі інфармацыю СМІ аб сістэматычных праявах парушэнняў правоў чалавека ў Іране і верагоднае дачыненне Ірана да ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, звярнуцца да ФІФА з пытаннем аб выключэнні зборнай Ірана са складу ўдзельнікаў чэмпіянату свету па футболе-2022″, — гаворыцца ў заяве украінскай футбольнай федэрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя