Расія перакінула ў Беларусь знішчальнікі, здольныя несці ракеты „Кінжал”



Расея перакінула ў Беларусь знішчальнікі МіГ-31К, здольныя несці ракеты „Кінжал”.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі апублікавала спадарожнікавыя здымкі беларускага аэрадрома Мачулішчы каля Менска, на якіх бачныя два такія знішчальнікі. Таксама на здымках зафіксаваны кантэйнер, які імаверна выкарыстоўваюць для захоўвання гіпергукавых ракет „Кінжал”.

Адзначаецца, што гэтыя ракеты Расея выкарыстоўвае з 2018 года, але раней не разгортвала іх у Беларусі. Расея ўжывала ракеты “Кінжал” у вайне супраць Украіны, але запасы гэтых ракет моцна абмежаваныя.

„Кінжал” — гіпергукавая аэробная ракета. Яе хуткасць пасля скіду перавышае хуткасць гуку ў 10 разоў. Здольная манеўраваць на ўсёй траекторыі палёту, а таксама паражаць як стацыянарныя аб’екты, так і надводныя караблі.