У Варшаве завяршаецца міжнародны трэнінг для моладзі ў межах праекту “Erasmus+”
Сёння, 1 лістапада, у Варшаве завяршаецца міжнародны трэнінг для моладзі „Analyse and think critically – media literacy for youth”. Заняткі ладзіліся цягам 6 дзён і былі прысвечаныя медыя.
Да падзеі далучыліся 24 чалавекі з 6 краін: Германіі, Славакіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, а таксама беларусы Польшчы.
Трэнінг арганізоўваў Беларускі Дом у Варшаве ў межах праекту “Erasmus+”.
Расказвае яго каардынатар Анастасія Кажапенка:
– Еrasmus – гэта вельмі цікавы праект, бо там удзельнікі для ўдзельнікаў. То бок няма ніякіх адмыслова запрошаных трэнераў, няма нават ганарараў на трэнераў. То бок гэта людзі як валанцёры, якія акрамя таго, што знаёмяцца паміж сабой, яны добра праводзяць час. У нас ёсць інтэграцыйныя мерапрыемствы, міжкультурныя вечары, яны, напрыклад, мелі квэст па горадзе. Шмат хто ўпершыню ў Варшаве, і нам важна, каб яны не толькі вучыліся, але і каб паглядзелі горад.
Падчас гэтага квэсту ўдзельнікі выконвалі заданні па гісторыі і фатаграфіі, а затым прадстаўлялі вынікі сваёй працы.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя